Служкі Лукашэнкі хочуць рэпарацый ад Польшчы. А колькі павінна Беларусі заплаціць Расея за войны і акупацыю?

Лукашэнкаўскія адэпты Вадзім Гігін і Алег Гайдукевіч прапануюць падлічыць страты Беларусі за 18 гадоў польскага панаваньня ў Заходняй Беларусі, каб выставіць Варшаве рахунак. Але за апошнія паўтысячы гадоў беларусы ні ад кога так не напакутаваліся, як ад Расеі. Аб гэтым піша на «Св*бодзе» журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Гігіна і Гайдукевіча натхнілі аналягічныя падлікі Польшчы адносна Нямеччыны за ІІ сусьветную вайну. Кансэрватыўны ўрад партыі «Права і Справядлівасьць» ужо другі раз за апошнія 5 гадоў падымае гэтую тэму. Але экспэрты нават у самой Польшчы называюць такія прэтэнзіі да Бэрліну юрыдычна нікчэмнымі, паколькі Польшча адмовілася ад рэпарацый у 1953 годзе і другі раз пацьвердзіла гэта ў 2004 годзе. На думку палітолягаў, бессэнсоўнасьць гэтай ініцыятывы разумеюць і самі польскія ўлады, і адзіная карысьць ад узьняцьця гэтай тэмы — піяр напярэдадні выбараў, паколькі вялікая частка палякаў мае антынямецкія настроі.

Прапагандысты Лукашэнкі ўжо ня першы год лепяць з Польшчы галоўнага ворага беларускай незалежнасьці. Але гістарычна Польшча апошнія паўтысячы гадоў заўсёды была хаўрусьнікам Вялікага Княства Літоўскага ў абароне ад Расеі. У сваёй гісторыі беларусы ні з кім не ваявалі даўжэй, чым з Масквой.

Давайце падлічым, за што павінна заплаціць беларусам Расея за стагодзьдзі войнаў і акупацыі ў якасьці Масковіі, Расейскай імпэрыі і СССР (спадкаемцам якога Расейская Фэдэрацыя юрыдычна зьяўляецца).

Першая вайна з Масковіяй

У канцы 1480-х Іван ІІІ абвясьціў Маскву пераемніцай Русі і пачаў зьбіраць «усходнеславянскія землі». Але «спэцапэрацыі» маскоўцаў супраць ВКЛ адбываліся і раней. У вайне 1492 году, якую гісторык Генадзь Сагановіч назваў першай вайной Маскоўшчыны з ВКЛ, Вільня страціла Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Ноўгарад-Северскі, Рыльск, Любеч, Пуціўль, Хоцімск, Бранск, Любуцк, Дарагабуж, Невель, Вяліж ды іншыя. Як адзначыў у сваёй «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандар Гваньіні, «за адзін ваенны паход і за адзін год масквіцін захапіў усё тое, што шмат гадоў і зь вялікімі цяжкасьцямі здабываў вялікі князь літоўскі Вітаўт».

Палічыце, колькі з гэтых гарадоў вярнулася пасьля ў ВКЛ.

Іван Жахлівы нішчыць Полацак

У другой палове XVI стагодзьдзя Полацак быў другім найбагацейшым горадам Вялікага Княства — зь дзевяцівежавым замкам, з дванаццацьцю манастырамі і васямнаццацьцю сьвятынямі. У 1563 годзе маскоўскае войска спаліла ў Полацку тысячы двароў. Пскоўскі летапіс апавядае: «Которыя были в городе люди жидове, и князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и утопили их». Падобны лёс спаткаў і каталікоў. Іван Жахлівы загадаў без суду забіваць усіх, хто хрысьціцца не па-праваслаўнаму. У Масковію з Полацку забралі дзясяткі тысяч палонных, а больш як паўтысячы палачанаў на загад цара зарэзалі ў вязьніцах.

Вайна 1654–1667

Да гэтай вайны Масковія ваявала з ВКЛ ужо больш за 100 гадоў. Але Трынаццацігадовую вайну гісторыкі называюць самай крывавай. Вялікае княства страціла ў ёй амаль палову насельніцтва. Амаль усе гарады і паселішчы сталі руінамі. Гэта пацьвярджаюць тагачасныя дакумэнты абодвух бакоў.

Як выглядала тая вайна, можна меркаваць па лёсе Амсьціслава. Маскавіты «места агнём выпалілі і людзей пасеклі», «народ усялякі шляхецкі, мяшчан і жыдоў, а таксама простых людзей у пень высеклі, потым адтрубіўшы, сярод трупаў жывых знаходзілі і ў палон у Маскву забіралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан увесь агнём спалілі і дазваньня спустошылі». Пазьней у расейскай літаратуры напішуць, што вязьні самі перасяліліся ў Масковію, бо «тяготели к своим русским братьям». У маскоўскіх дакумэнтах адзначалася, што пры захопе Амсьціслава было забіта ад 10 да 15 тысяч чалавек. І гэта толькі адзін горад. А ў ВКЛ такі лёс напаткаў прынамсі паўсотні гарадоў і сотні вёсак.

Украінскі прэзыдэнт Зяленскі хоча атрымаць $300 мільярдаў рэпарацый ад Расеі за паўгода вайны. А тая вайна працягвалася ажно 13 гадоў.

Пётар І забівае манахаў і рабуе полацкую Сафію

У расейскай гісторыі Пётар І — гэта той, які «прарубіў акно ў Эўропу». У беларускай гісторыі Пётар І — забойца.

У 1705 годзе расейскі цар спыняўся ў Полацку падчас Паўночнай вайны са Швэцыяй і вырашыў наведаць Сафійскі сабор. Уніяты моцна напружвалі Расею, бо заміналі праводзіць акупацыйную палітыку. Разам са сваёй сьвітай ён парушыў набажэнства. Расейскі цар асабіста браў удзел у забойстве пяці манахаў-базыляняў. Пасьля гэтага ягоныя салдаты разрабавалі Сафію і базылянскі кляштар, які пасьля закрылі. У сутарэньнях сабора расейцы зрабілі парахавы склад. Падчас адступленьня расейскіх войскаў з Полацку пачаўся пажар, выбух зьнішчыў сьцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калёны і скляпеньні.

Падзелы Рэчы Паспалітай

У другой палове XVIII стагодзьдзя пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай пры ўдзеле Аўстрыі, Прусіі і Расеі. Апошняй даставаліся землі Вялікага Княства Літоўскага. Расея выкарыстоўвала гібрыдныя тэхналёгіі, каб захапіць чужыя землі: ня толькі войска, але і подкуп палітыкаў. Калі Рэч Паспалітай паспрабавала скінуць пратэктарат Масквы і вярнуць у краіну законнасьць, то Кацярына II ў 1792 годзе абвясьціла вайну ВКЛ і Польшчы. Праз год супраць расейскай акупацыі пачалося паўстаньне Касьцюшкі, якое патапіў у крыві Аляксандар Сувораў. У падарунак за гэта ён атрымаў ад Кацярыны дзясяткі тысяч прыгонных сялян-беларусаў і Кобрынскую воласьць.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Вялікае Княства на 123 гады трапіла пад уладу Расейскай імпэрыі. Неаднаразовыя паўстаньні, якія мелі на мэце аднавіць канстытуцыйны лад, канчаліся крывавымі задушэньнямі.

Ліквідацыя БНР, калектывізацыя і Вялікі тэрор

У 1918 годзе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была легітымным прадстаўніцтвам беларускага народу, паколькі яе выбраў Усебеларускі зьезд у 1917 годзе, абвясьціла незалежнасьць БНР. Савецкая Расея сілай захапіла тэрыторыю БНР, падзяліла яе ў 1921 годзе разам з Польшчай і абвясьціла марыянэтачную рэспубліку, якая да ІІ Сусьветнай вайны не займала нават палову сёньняшняй Рэспублікі Беларусь.

Наступствам захопу беларускіх земляў бальшавікамі стала рабаваньне сялянаў, якое ў СССР называлі калектывізацыяй. Беларусаў пазбаўлялі зямлі, жывёлы, а ў выніку і сродкаў да існаваньня. Гэта прывяло да зьбядненьня насельніцтва.

Паралельна з гэтым у БССР адбываўся камуністычны тэрор. Паводле няпоўных падлікаў, ахвярамі палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 1917–1953 гг. сталі каля 600 тысяч чалавек. У 1917–1953 гады да расстрэлу прысуджаныя 358 686 чалавек.

Скрадзеныя каштоўнасьці, зьнішчаныя сьвятыні

І пасьля заканчэньня ІІ сусьветнай вайны Расея працягвала абкрадаць Беларусь. Адной з галоўных рэліквій, якія страцілі беларусы, стаў Крыж Эўфрасіньні Полацкай, выраблены полацкім ювэлірам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Крыж прапаў улетку 1941 году — разам з савецкімі чыноўнікамі, якія ўцякалі на ўсход ад наступу нямецкіх войскаў. Мяркуецца, што крыж хаваюць у адной са сьвятыняў Расейскай праваслаўнай царквы ў Расеі.

У расейскіх музэях захоўваюцца скарбы беларускай культуры, якія былі вывезеныя на ўсход. Самымі каштоўнымі зь іх зьяўляюцца кнігі Францішка Скарыны і іншыя беларускія стfрадрукаваныя і рукапісныя кнігі.

На загад Масквы падчас савецкай акупацыі ў Беларусі зьнішчаліся цэрквы, касьцёлы, старадаўнія палацы. За іх страту Масква ніколі не заплаціла.

Чарнобыльская катастрофа

Падлікамі стратаў ад чарнобыльскай катастрофы, ад якой найбольш пацярпела Беларусь, займалася ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня чарнобыльская камісія, у склад якой уваходзілі дэпутаты БНФ. Апрача прапановы грашовых кампэнсацый, распрацоўвалася і прапанова вяртаньня Беларусі страчаных раней земляў ВКЛ, каб перасяліць туды пацярпелых ад выбуху на АЭС беларусаў. Гаворка вялася пра бязьлюдныя рэгіёны былых усходніх тэрыторый Вялікага Княства. Але пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі гісторыя беларускага парлямэнтарызму скончылася, выставіць патрабаваньні Расеі не пасьпелі.

Гэта далёка ня поўны сьпіс стратаў, які панесьлі беларусы за стагодзьдзі расейскіх войнаў і тэрору. Але нават прыблізная ацэнка сумы рэпарацый Беларусі ад расейскай палітыкі прыводзіць да высновы, што Масква ніколі ня зможа кампэнсаваць Беларусі страты за стагодзьдзі варожай палітыкі пад абгорткай «славянскага адзінства».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: