Як польскія памежнікі зберагалі гістарычную спадчыну Заходняй Беларусі
У 1930-я гады польскі Корпус аховы памежжа (КАП) быў адной з самых добра падрыхтаваных службаў Польшчы. Гэта тычылася як вайсковага складніку, так і грамадска-палітычнага, і культурнага. Перад памежнікамі ставіўся шэраг задач, з якімі, збольшага, яны спраўляліся.
Адным з такіх «выклікаў», як ні дзіўна, было захаванне гісторыка-культурнай спадчыны паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, а таксама ўпарадкаванне старых вайсковых пахаванняў у памежных раёнах.
Уратаваць гістарычныя артэфакты
Тэрыторыя, на якой неслі службу капаўцы, сапраўды была малавывучанай гісторыкамі і археолагамі. У Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я гады польскія спецыялісты праводзілі даследаванні (у тым ліку і археалагічныя), аднак гэтага было недастаткова. Таму польскія ўлады спадзяваліся на дапамогу тых, каго, здавалася б, справа аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў не тычылася.
Напрыклад, у польскіх вайсковых выданнях 1930-х гадоў часта публікаваліся матэрыялы, у якіх аўтары заклікалі польскіх вайскоўцаў, якія служылі «на крэсах», уважліва ставіцца да старажытных знаходак і «ратаваць» іх. «Некалькі дзён таму старшы сяржант Ян Мільчарэк даслаў у Аддзел выхавання жаўнераў камандавання КАП пару старых срэбных манет і прыгожа выкананую з гліны трубку (якая паходзіла з XVI–XVII стагоддзя) з просьбай перадаць іх у музей. Гэтыя рэчы Мільчарэк набыў у мясцовых сялян, якія выкапалі іх на ўласных зямельных надзелах падчас гаспадарчых прац. Трэба адзначыць высокі ўзровень грамадзянскай свядомасці старшага сяржанта Мільчарка, які не пашкадаваў уласных сродкаў, каб уратаваць каштоўныя для даследчыкаў прадметы. [...] Ахова знойдзеных старажытных прадметаў ад знішчэння з’яўляецца нашым абавязкам, таму што ўсё гэта — гістарычныя артэфакты, якія нагадваюць пра нашых продкаў, што ў старажытнасці абаранялі межы Рэчы Паспалітай», — падкрэслівалася ў адной з публікацый.
Камандзірам стражніц рэкамендавалася праводзіць з памежнікамі заняткі, на якіх, акрамя гісторыі і культуры, трэба было расказваць і пра неабходнасць захавання гістарычнай спадчыны. «Падафіцэры КАП, якія заўсёды ўважліва сочаць за ўсім, што адбываецца навокал, што робіцца на тэрыторыі іх участка, павінны ахоўваць знойдзеныя ў зямлі рэчы і не дапускаць траплянне іх у непатрэбныя рукі. У мясцовага насельніцтва, якое жыве на памежжы, знаходзіцца шмат прадметаў старажытнага паходжання, якія ім перадалі продкі, ці яны самі знайшлі падчас сельскагаспадарчых работ. У большасці выпадкаў мясцовыя сяляне не ведаюць, якую вартасць маюць гэтыя прадметы для навукі. Дадзеныя рэчы павінны трапіць у грамадскае выкарыстанне, то-бок у музей [...] Падафіцэр, які даведаецца пра існаванне такіх старажытнасцяў у неадпаведных руках, павінен адразу паведаміць свайму кіраўніцтву. Ён і сам можа набыць гэтыя рэчы, пры гэтым трэба па магчымасці вызначыць месца і абставіны, пры якіх быў знойдзены дадзены прадмет. А калі падафіцэр КАП перадасць такі прадмет у музей, то ён паступіць як сапраўдны грамадзянін-патрыёт і заслужыць павагу з боку грамадства, бо дапаможа пашырыць веды пра гісторыю жыцця нашых продкаў», — адзначалася ў іншым артыкуле.
Зразумела, што «чорнакапальнікаў», якія карысталіся персанальнымі металадэтэктарамі, у 1930-я гады ў Заходняй Беларусі не было. Большасць старажытных рэчаў, скарбаў, артэфактаў людзі знаходзілі выпадкова. Часта жаўнеры КАП былі, па-сутнасці, галоўнымі прадстаўнікамі польскіх уладаў у вёсках і населеных пунктах, якія знаходзіліся непасрэдна на мяжы з БССР (асабліва на адрэзаным ад «вялікай зямлі» падчас паводак Палессі). У такіх выпадках шмат залежала ад узроўню «гістарычнай падрыхтаванасці» падафіцэраў КАП і іх падначаленых.
Відавочна, адукацыя і цікавасць да старажытнасці дапамаглі сяржанту КАП Юзафу Нагліку сабраць някепскую калекцыю старых манет, сярод якіх былі як «медзякі», так і сярэбраныя рублёвыя манеты царскай чаканкі XVIII стагоддзя. У 1939 годзе падафіцэр ахвяраваў сваю калекцыю на фонд нацыянальнай абароны. Зразумела, што тады было не да калекцыянавання. На коне быў лёс польскай дзяржавы.
Памяць пра невядомых жаўнераў
Асобнай сферай захавання гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, якой, у тым ліку, займаліся памежнікі КАП, была ахова старых пахаванняў і могілак.
Сёння мы часта абураемся, калі даведваемся, як сучасныя будаўнікі знішчаюць курган ці стары будынак. Але падобныя выпадкі былі, на жаль, і ў 1930-я гады. «Нядаўна ў Круговіцкай гміне Лунінецкага павету Палескага ваяводства адбыўся наступны выпадак. Павятовы дарожны інспектар пан С. Стахурскі, што перабудоўваў дарогу Ахарэвічы — Шашкі, каб яе выпрастаць, вымушаны быў праводзіць працу ў невялікім лесе, які знаходзіўся побач са старой дарогай. У гэтым лесе ён убачыў 30 курганоў. Ён зразумеў, што гэта вайсковыя магілы, відавочна, вельмі старыя, бо на некаторых раслі дубы таўшчынёй у метр. Так, як адзін з курганоў ляжаў на трасе новай дарогі, пан Стахурскі вырашыў яго раскапаць. У ім было знойдзена некалькі чарапоў і косткі, сякера, металічныя ўпрыгожванні лука і стрэл і два іржавых кавалкі жалеза, прызначэнне якіх немагчыма было вызначыць. Знойдзеныя артэфакты адправілі ў староства. І такі выпадак — не адзіны. Да камандзіраў стражніц часта звяртаюцца мясцовыя сяляне і паведамляюць, што на полі, падчас ворыва, знайшлі нейкія косткі, элементы ўзбраення старажытных рыцараў, манеты, трубкі, нажы і гэтак далей», — адзначалася ў адным з польскіх выданняў за 1937 год.
Зразумела, што археалагічнымі экспедыцыямі па старых курганах капаўцы не займаліся. А вось ахова вайсковых пахаванняў часоў Першай сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў была іх пачэсным абавязкам.
У заходніх абласцях сучаснай Беларусі па сёння на шматлікіх нямецкіх і расійскіх могілках перыяду Вялікай вайны можна сустрэць польскія надпісы, што пад крыжом спачывае невядомы жаўнер нямецкага, расійскага ці бальшавіцкага войска.
Часцяком у 1920–1930-я гады такія пахаванні прыводзілі да ладу менавіта капаўцы. «Калі жаўнеры Корпуса аховы памежжа 13 гадоў таму займалі дзяржаўную мяжу, іх увагу прыцягнулі шматлікія магілы невядомых жаўнераў, якія загінулі падчас сусветнай і польска-расійскай вайны. Магілы гэтыя былі раскінутыя па ўсім памежжы і часцяком знаходзіліся па-за мясцовымі могілкамі, побач з дарогамі, у глыбіні лясоў, на самотных пагорках, лясных палянах. Часам такія магілы аточаныя прымітыўнай агароджай, пры гэтым адзінай пазнакай магілы з’яўляецца невялікі курган. Кожная з гэтых магіл мае крывавую і гераічную гісторыю, якую захоўваюць у памяці толькі мясцовыя жыхары. Пасля таго, як да аховы мяжы прыступіў КАП, той ці іншы афіцэр ці падафіцэр пачаў збіраць інфармацыю пра гэтыя магілы, пра людзей, якія ў іх пахаваныя. Яны даведваліся пра трагічныя абставіны, пры якіх наступіла смерць невядомага жаўнера. Вось адзін загінуў у баі, які адбыўся тут недалёка, іншага ворагі расстралялі пры невядомых абставінах. А ёсць і такія пахаванні, якія аточвае панурая таямніца. [...] У некаторых мясцовасцях адбыўся перанос парэшткаў на могілкі. Там пабудаваны новыя агароджы, пастаўленыя моцныя дубовыя крыжы, на якіх вісяць таблічкі. На кожнай магіле ляжаць кветкі», — падкрэслівалася ў адной з тагачасных публікацый.
Менавіта дзякуючы той працы, якую правялі, у тым ліку, і капаўцы на даваеннай савецка-польскай мяжы, шматлікія жаўнерскія пахаванні дайшлі да нашых дзён. Больш таго, дзякуючы працы польскіх памежнікаў у гэтай сферы мы ведаем абставіны гібелі таго ці іншага царскага, нямецкага, бальшавіцкага ці польскага жаўнера. На вялікі жаль, у даваенны час у БССР падобнай працы ніхто не праводзіў, а старыя, несавецкія, магілы жаўнераў прыходзілі ў заняпад.
Сёння, у ХХІ стагоддзі, трэба выкарыстаць досвед даваенных польскіх памежнікаў і захаваць спадчыну, якая засталася ўжо пасля іх — жаўнераў польскага КАП і савецкай памежнай аховы. Бо гісторыя даваеннай савецка-польскай мяжы ў Беларусі — унікальны сюжэт у агульнаеўрапейскім маштабе.
Здымкі з архіву аўтара