Два жыцці Кірылы Арлоўскага

Дыверсант-баявік, на рахунку якога сотні жыццяў. Пасля спецслужбоўскай кар’еры з ампутаванымі рукамі стаў старшынём першага калгасу-мільянера ў СССР. Прататып галоўных герояў у літаратурнай і кінакласіцы. 30 студзеня — 125 гадоў з дня нараджэння Кірылы Арлоўскага, беларуса з пакручастым лёсам.

scan_150310_0013.jpg


Для адных ён герой збройнай партызанкі, для іншых — герой стваральнай працы на зямлі. З небяспрэчнымі метадамі.
Кірыла Арлоўскі — асоба ў БССРаўскай гісторыі настолькі вядомая і легендарная, што нават у Вікіпедыі можна пачытаць, што буйная магістральная вуліца Арлоўская ў Мінску названа ў ягоны гонар. Хаця насамрэч назва вытворная ад расійскага горада Арла, як і мноства іншых вуліц у нашай сталіцы названыя паводле гарадоў былога СССР. Дый па логіцы: калі б так ушанавалі Кірылу Арлоўскага, то і вуліца адпаведна называлася імя Арлоўскага, а не Арлоўскай. Зрэшты, у шэрагу беларускіх гарадоў ёсць менавіта вуліцы Арлоўскага.
Кірыла Арлоўскі стаў вядомым савецкім партызанскім камандзірам з 1920 года. Ваяваў у тым ліку супраць войскаў Булак-Булаховіча. Асабліва разгарнулася яго дыверсійная дзейнасць пад мянушкамі Аршынаў і Муха-Міхальскі ў першай палове 1920-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі супраць польскіх уладаў. Чэкісты задумвалі ўзняць мясцовых жыхароў на ўзброены супраціў. Шум ад аперацый атрада Арлоўскага быў на ўсю Польшчу: спаленыя маёнткі буйных землеўласнікаў і паліцэйскія пастарункі, падрывы мастоў і цягнікоў, ліквідацыя жаўнераў і чыноўнікаў. Асаблівы розгалас набыў напад на цягнік, у якім ехаў кіраўнік Палескага ваяводства Станіслаў Даўнаровіч. Партызаны забралі грошы і зброю, але нікога з уладных асобаў забіваць не сталі. Ваяводу ж ганебна высеклі бізунамі, пасля чаго ён быў адпраўлены ў адстаўку.
Вось што пісаў Арлоўскі-Аршынаў у адной са справаздачаў: «З 1920 па 1925 гады па ўказанні Разведупра працаваў на тэрыторыі ЗБ. За адзін толькі 1924 год па маёй ініцыятыве і асабіста мною забіта больш за 100 чалавек».
Пахваляўся ён у тым ліку гэтым і ў 1944 годзе, ужо пасля партызанкі ў Грамадзянскую вайну ў Іспаніі і супраць нямецка-фашыстоўскіх акупантаў, у лісце-заяве да Сталіна: «З 1918 па 1943 год мне па­шчас­ці­ла 8 га­доў працаваць у ты­ле во­ра­гаў СССР у якас­ці ка­ман­дзі­ра пар­ты­зан­скіх атра­даў і ды­вер­сій­ных груп, не­ле­галь­на пераходзіць лі­нію фрон­ту і дзяр­жаў­ную мя­жу звыш 70 ра­зоў, вы­кон­ваць ура­да­выя за­дан­ні, зні­шчаць сот­ні заў­зя­тых во­ра­гаў Са­вец­ка­га Са­ю­за як у ва­ен­ны, так і ў мір­ны час».

Кірыла Арлоўскі ў Іспаніі, 1937

Кірыла Арлоўскі ў Іспаніі, 1937

Пісаў Кірыла Арлоўскі Іосіфу Сталіну пасля цяжкога ранення і кантузіі, у вы­ні­ку ча­го ў яго бы­лі ам­пу­та­ва­ныя пра­вая ру­ка па пля­чо, а на ле­вай — чатыры паль­цы. Таксама быў па­шко­джа­ны слы­х на 60%. А паранены Арлоўскі, прычым адзіны ў атрадзе, быў падчас аперацыі-палявання на падводы, у якіх павінны былі ехаць генеральны камісар акупаванай Беларусі Вільгельм Кубэ і камісар трох абласцей Фрыдрых Фенс. Партызаны правялі ў засадзе 12 гадзін, лежачы ў снезе. У выніку Фенс быў забіты, а сам Арлоўскі пацярпеў пасля выбуху шашкі ў ягоных руках. Байцы дацягнулі камандзіра да лекара, які рабіў аперацыю падчас бою (падмацаванне немцаў прыйшло на партызанскую базу). Рукі і пальцы Арлоўскаму ампутавалі жыўцом пілой пасля прымітыўнай самагонкавай анестэзіі.

maxresdefault_61_1.jpg


Арлоўскі пісаў Сталіну з Масквы ў званні Героя Савецкага Саюзу: «Мае фі­зіч­ныя не­да­хо­пы (стра­та рук і глухата) не да­зва­ля­юць мне пра­ца­ваць на ра­ней­шай пра­цы, але паў­стае пы­тан­не: ці ўсё я ад­даў для Радзімы і пар­тыі Ле­ні­на-Ста­лі­на? Я глы­бо­ка пе­ра­ка­на­ны ў тым, што ў мя­не ма­ец­ца до­сыць фі­зіч­ных сіл, вопыту і ве­даў для та­го, каб яшчэ пры­нес­ці ка­рысць у мір­най пра­цы. Ад­на­ча­со­ва з раз­вед­валь­на-дыверсійнай і пар­ты­зан­скай ра­бо­тай я на­да­ваў маг­чы­мую ўва­гу пра­цы над сель­ска­гас­па­дар­чай літаратурай. З 1930‑га па 1936 год па ро­дзе сва­ёй асноў­най пра­цы я кож­ны дзень бы­ваў у кал­га­сах Бе­ла­ру­сі, грун­тоў­на пры­гле­дзеў­ся да гэ­тай спра­вы і палюбіў яе. Сваё зна­хо­джан­не ў Чка­лаў­скім сель­ска­гас­па­дар­чым ін­сты­ту­це, а так­са­ма Мас­коў­скую сельскагаспадарчую вы­ста­ву я вы­ка­рыс­таў да дна ў атры­ман­ні та­кой коль­кас­ці ве­даў, якая мо­жа за­бяс­пе­чыць ар­га­ні­за­цыю ўзор­на­га кал­га­са».
Кірыла Арлоўскі папрасіў старшынёўства ў калгасе на сваёй радзіме ў вёсцы Мышкавічы Кіраўскага арёна Магілёўскай вобласці і крэдыт. А мог бы застацца ў Маскве ў кватэры каля Крамля і выкладаць у нейкім інстытуце КДБ. Арлоўскі абяцаў, што калгас, які ў выніку стаў знакамітым «Світанкам» («Рассветам»), павялічыць валавы даход са 170 тысяч рублёў у 1940 годзе да 3 мільёнаў рублёў у 1950-м. І ён сапраўды пераўтварыў яго ў калгас-мільянер — першы не толькі ў БССР, але і ва ўсім Савецкім Саюзе.
У выніку Кірыла Арлоўскі стаў прататыпам Ягора Трубнікава — галоўнага героя знакамітага савецкага фільма «Старшыня». Там усё дастаткова блізка да рэчаіснасці. У тым ліку і пра даносы, і пра пікіроўкі з начальствам. А таксама пра франтавыя метады кіравання і ўстанаўлення дысцыпліны: напрыклад, мясцовыя згадваюць, што падчас капання бульбы хадзіў па калгасе і падбіраў у кішэні ўсё, што маглі ўпусціць у разорах і на дарозе, а за расціснутую бульбіну ў каляіне трактарыст пазбаўляўся працадня. Паказаныя і сямейныя праблемы: сваркі з братам, развод з жонкай, якая не паехала ў калгас з Масквы. Фільм атрымаўся дастаткова вострым як для савецкага часу і на нейкі час быў засунуты цэнзурай на паліцы, але ўрэшце рэшт выйшаў з купюрамі на экраны і меў велічэзны поспех. А выканаўца галоўнай ролі Міхаіл Ульянаў стаў акцёрам 1965 года ў СССР.

"Старшыня"

"Старшыня"

Жыццёвы шлях беларуса Кірылы Арлоўскага натхніў не толькі творцаў савецкага кінематографа, але яшчэ раней і класіка сусветнай літаратуры Эрнеста Хемінгуэя, з якім ён сустракаўся ў Іспаніі. Па адной з версій, менавіта Арлоўскі стаў прататыпам галоўнага героя рамана «Па кім званіць звон». Праўда, сам пісьменнік казаў, што ён усё па-мастацку вымысліў сам, а крытыкі і відавочцы вайны ў Іспаніі звычайна кажуць, што прататыпам быў іншы савецкі афіцэр Хаджы-Умар Мамсураў.

USSR Post - by User Matsievsky from personal collection, commons.wikimedia.org

USSR Post - by User Matsievsky from personal collection, commons.wikimedia.org

Што да калгасу «Рассвет», то пасля смерці Арлоўскага ён стаў насіць ягонае імя і быў на слыху таксама ў незалежнай Беларусі. Што праўда, з палітычных прычынаў. Пасля Арлоўскага цягам 30 гадоў гэтую сельскагаспадарчую арганізацыю ачольваў іншы знакаміты старшыня Васіль Старавойтаў. І ачольваў паспяхова нават у ліхія 1990-я. Пры гэтым, нягледзячы на зямляцтва, ён не падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Быў у выразнай апазіцыі і пазней, у тым ліку пасля звальнення і гучнага зняволення ў 1997 годзе. Старшыні «Рассвету», яны такія — з характарам. Арлоўскі, згадваюць яго сваякі, адзначаў такі плюс таго, што не мае рук: маўляў, яму не трэба апладзіраваць Хрушчову, якога ён недалюбліваў.