Міністэрства спорту і АБФФ змагаюцца паміж сабой за кантроль над футболам

Лукашэнкаўскі міністр стварае копію Федэрацыі футбола, каб мець татальны кантроль над сферай. А што будзе з АБФФ?

_sport___futbol__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1_.jpg

Міністр Лукашэнкі па спорце Сяргей Кавальчук не вельмі задаволены тым, што яму больш не дазваляюць лезці ў справы футбольнай федэрацыі. Вось што ён прыдумаў, каб вярнуць свой уплыў у абыход старшыні АБФФ Мікалая Шарснёва. Фактычна ўжо створана альтэрнатыўная федэрацыя, а гэта можа стаць прычынай для маштабных санкцый з боку УЕФА і ФІФА. «Трыбуна» тлумачыць, што зараз адбываецца.

Як Кавальчука адсунулі ад футбола?

Калі намінальным кіраўніком АБФФ быў Уладзімір Базанаў, усе ключавыя рашэнні ў арганізацыі прымаліся па ўзгадненні з Сяргеем Кавальчуком — кіраўніком лукашэнкаўскага Міністэрства спорту. Без ухвалы былога ахоўніка дыктатара не абыходзіліся прызначэнні галоўных трэнераў зборнай, клубаў. Гэты чыноўнік вырашаў, каму можна, а каму нельга гуляць у вышэйшай лізе. Базанаў і яго намеснікі не пярэчылі.

З прыходам на пасаду старшыні Мікалая Шарснёва ўплыў Кавальчука пачаў слабець. Былы губернатар Віцебскай вобласці даў зразумець, што мае намер займацца футбольнымі пытаннямі самастойна. Тым больш, ад дзяржавы федэрацыя нічога не атрымлівае, практычна цалкам фарміруючы свой бюджэт за кошт паступленняў з ФІФА і УЕФА.

У выніку менавіта Шарснёў прыняў рашэнне аб звальненні Георгія Кандрацьева і яго памочнікаў з нацыянальнай зборнай. Прызначэнне іспанца Карласа Алоса — таксама яго ініцыятыва. Старшыня АБФФ выступаў за ліквідацыю «чорных спісаў» і вяртанне «непажаданых» гульцоў у ЧБ (і некаторых ужо ўдалося вярнуць). Рашэнні аб рэфармаванні чэмпіянату, змене фармату ліг — да гэтых новаўвядзенняў Кавальчук таксама не мае дачынення.

Пры гэтым у футбольнай супольнасці шмат каму падабаецца імкненне Шарснёва вярнуць федэрацыі хоць нейкую незалежнасць. Але Кавальчук пакідаць футбол без сваёй апекі не мае намеру.

І што ж прыдумаў Кавальчук?

«Трыбуне» стала вядома, што, не здолеўшы займець уплыў на Шарснёва (яго прызначэнне ўзгаднялася з Лукашэнкам), псеўдаміністр вырашыў стварыць альтэрнатыву АБФФ — структуру, якая будзе займацца прыкладна тымі ж пытаннямі, што і федэрацыі, але толькі пад кіраваннем Кавальчука. На сёння да канца незразумела, як будзе ажыццяўляцца гэтае двоеўладдзе, за кім будзе апошняе слова, калі адна арганізацыя мае легітымнасць і міжнароднае прызнанне, а іншая — адміністрацыйны рэсурс. Пры гэтым Кавальчук у загадным парадку заклікае пад сваё крыло супрацоўнікаў федэрацыі, а да іх дамешвае людзей, якія баяцца яго аслухацца і гатовы выконваць любыя загады.


Глядзіце таксама

Паводле звестак выдання, тыдзень таму галоўны лукашыст па спорце падпісаў загад аб стварэнні рабочых груп «з мэтай далейшага развіцця і ўдасканалення футбола ў Рэспубліцы Беларусь». У загадзе сказана, што неабходна стварыць рабочыя групы па 13 кірунках, у вызначаны тэрмін распрацаваць і прадставіць у так званае Міністэрства спорту планы па працы гэтых самых груп. Кантроль за выкананнем ускладзены на намесніка Кавальчука Аляксандра Бараулю, які меў дачыненне да рэпрэсій супраць беларускіх спартсменаў, за што пазней трапіў у розныя санкцыйныя спісы.

Фарміраванне груп кантралявалася асабіста недаміністрам. А кіраўніцтва АБФФ проста было пастаўлена перад фактам, што такая структура створана. Пры гэтым частку груп мусяць узначаліць якраз намеснікі Шарснёва, у іх склад уваходзяць прадстаўнікі федэрацыі і выканкама АБФФ. Прыцягнуты да «працы» і прадстаўнікі некаторых клубаў вышэйшай лігі.

Першай у спісе, які займела «Трыбуна», значыцца група па аналізе і распрацоўцы нарматыўна-прававых актаў. Узначальвае яе Барауля. У яго ў падпарадкаванні, калі так можна сказаць, і футбольныя людзі, і не зусім. Да першай катэгорыі можна аднесці начальніка міжнародна-прававога дэпартамента АБФФ Сяргея Ільіча, генеральнага сакратара федэрацыі Сяргея Жардзецкага, а таксама генеральнага дырэктара мінскага «Дынама» Андрэя Толмача. Толмачу дазволена ўдзельнічаць у групе па ўласнай ахвоце. Такі ж статус і ў экс-ахоўніка Лукашэнкі Міхаіла Ботнікава — сёння гэта старшыня Федэрацыі пляжнага футбола. Яшчэ два чалавекі прадстаўляюць розныя аддзелы лукашэнкаўскага Мінспорту. Запісалі ў групу і першага намесніка так званага міністра юстыцыі Наталлю Філіпаву (удзельнічае таксама па жаданні).

Назва другой групы ў нейкай ступені абсурдная  —«Удасканаленне працы АБФФ». Атрымліваецца, гэтая група будзе кантраляваць працу Федэрацыі футбола, якая па патрабаванні міжнародных структур павінна быць цалкам незалежнай, аналізаваць яе дзейнасць і нейкім чынам прапаноўваць (ці навязваць?) карэктаванні, якія Кавальчук палічыць карыснымі (абавязковымі да выканання?). Узначальвае групу ўсё той жа ўніверсал Барауля. А кампанію яму складаюць ужо знаёмыя Ботнікаў і Філіпава плюс першы намеснік Шарснёва Андрэй Васілевіч.


Глядзіце таксама

Яшчэ за «ўдасканаленне працы федэрацыі» будуць адказваць начальнік Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму выканкама Лукашэнкі па Мінску Максім Варапай, яго калегі з пяці аблвыканкамаў і некалькі прадстаўнікоў псеўдаміністэрства. У склад групы таксама ўваходзіць Анатоль Юрэвіч. У спісах ён прадстаўлены як дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па футболе.

Юрэвіч — фігурант справы аб дагаворных матчах, дыскваліфікаваны рашэннем АБФФ на пяць гадоў за дачыненне да афёры, узначальвае групу, якая павінна адказваць за «ўдасканаленне клубнага чэмпіянату». Пад яго кіраўніцтвам куды больш прадстаўнікоў АБФФ, чым у іншых «калектывах»: гэта Васілевіч, начальнік дэпартамента па правядзенні спаборніцтваў Ігар Цаплюк, сябры выканкама АБФФ Толмач і дырэктар СДзЮШАР «Нёман» Сяргей Саладоўнікаў. Плюс галоўны трэнер «Мінска» Сяргей Яромка. Праўда, для іх усіх прадугледжаны добраахвотны ўдзел у групе — у адрозненне ад начальнікаў аддзелаў спорту і турызму некалькіх лукашэнкаўскіх аблвыканкамаў.

Таксама Юрэвічу, нягледзячы на ўдзел у даволі ганебным скандале, даручылі групу па «падрыхтоўцы нацыянальных і зборных каманд», а яшчэ групу, якая адказвае за «ўдасканаленне працы з трэнерскімі кадрамі». У склад апошняй у абавязковым парадку, акрамя Юрэвіча, увайшоў старшы трэнер нацыянальнай каманды па пляжным футболе Дзмітрый Рубненка, а вось яшчэ сямёра будуць працаваць, толькі калі самі пажадаюць. Гэта суддзя з футзала Максім Дзяйкала, трэнеры Веніямін Арзамасцаў і Сяргей Бароўскі, першы намеснік Шарснёва Васілевіч, тэхдырэктар АБФФ Дзмітрый Касянок, а таксама два прадстаўнікі БДУФК.

Усяго Юрэвіч зʼяўляецца кіраўніком трох груп, як і Васілевіч. Яго паставілі адказным за «ўдасканаленне сістэмы судзейства», за «дзіцяча-юнацкі футбол і падрыхтоўку спартыўнага рэзерву», а таксама за «развіццё масавага футбола».

Не забыўся Кавальчук і на ранейшага старшыню АБФФ — фактычна, свайго васала. Базанаў узначаліў групу па «развіцці інфраструктуры».

Ну і для поўнага спісу дадамо, што яшчэ створаны групы па «фінансаванні футбола» (галоўны — Барауля), «навукова-метадычным і медычным забеспячэнні» (дырэктарка РНПЦ спорту Ірына Малёваная), «удасканаленні працы са СМІ» (намеснік лукашэнкаўскага міністэрства па прапагандзе Кунцэвіч, калі пагодзіцца). Таксама створана група па «ідэалагічнай працы» пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення кадравай палітыкі міністэрства Лукашэнкі па спорце Вячаслава Шыпарава.

Што думаюць пра загад Кавальчука ў АБФФ?

Некаторыя групы Кавальчука літаральна дублююць камітэты і дэпартаменты, якія ўжо даўно функцыянуюць пры федэрацыі. У АБФФ ёсць камітэты па масавым футболе, па медыцыне, па дзіцяча-юнацкім футболе, па судзействе. Ёсць дэпартамент маркетынгу і камунікацый, адказны за зносіны са СМІ. Васілевіч пры гэтым курыруе суддзяў і ў АБФФ, і ў групе псеўдаміністра.

Кавальчук ствараў свае групы, не паведамляючы федэрацыі футбола. Спецыялісты АБФФ даведваліся пра сваё ўключэнне ў гэтыя групы ўжо постфактум. Паводле звестак «Трыбуны», асаблівай радасці ў функцыянераў гэта не выклікала, некаторыя былі шакаваны «прызначэннем». Пры гэтым ісці супраць, адмаўляцца ад удзелу ніхто не мае намеру. Клеркі Дома футбола не гатовы супрацьстаяць загадам, якія спускаюцца зверху.


Глядзіце таксама

Калі ў работнікаў АБФФ энтузіязму ад супрацы з Кавальчуком няма зусім, то настрой Юрэвіча іншы. Крыніцы спартыўнага выдання сцвярджаюць, што футбольны дзеяч рады таму, што зможа зноў актыўна ўплываць на розныя кірункі ў белфутболе — АБФФ пасля скандалу з дамоўнымі матчамі адсунула яго ад усіх працэсаў. Затое Кавальчука рэпутацыя мала хвалюе. Тым больш, ён можа расказаць пра тое, што ў сувязі з раскаяннем і выплатай штрафу ў памеры 3700 рублёў крымінальны пераслед у дачыненні да Юрэвіча быў спынены, так што ён на сёння «чысты» перад законам. Для сябе Кавальчук вырашыў, што трэнер варты «амністыі» (тым больш, «Энергетык-БДУ» ўжо не пагражае мінскаму «Дынама» ў барацьбе за чэмпіёнства). Меркаванне АБФФ наконт гэтага нікога не хвалюе.

Да чаго ўсё можа прывесці?

Працэнтаў 70 удзельнікаў груп бачылі футбол, як кажуць, толькі па тэлевізары. У асноўным гэта чыноўнікі рознага рангу, набліжаныя да Кавальчука спецыялісты, супрацоўнікі міністэрства Лукашэнкі па спорце і гэтак далей. Увогуле, тыя людзі, якія гатовы слухацца і падпарадкоўвацца. Каму? Адказ відавочны, з улікам амбіцый псеўдаміністра.

Крыніцы «Трыбуны» расказваюць пра настроі ў АБФФ. Там мяркуюць, што праз свае прызначэнні Кавальчук гарантаваў сабе пакорлівасць груп, нават калі прадстаўнікі ад АБФФ будуць прасоўваць іншы пункт гледжання. Прадстаўнікі федэрацыі сярод удзельнікаў груп нібыта патрэбны псеўдаміністру для таго, каб пазбегнуць канфлікту з ФІФА і УЕФА, якія могуць убачыць у цяперашняй сітуацыі прамое ўмяшанне дзяржавы ў футбольныя справы. Пакараннем за гэта могуць стаць вельмі жорсткія санкцыі — ажно да адхілення клубаў і зборных ад міжнародных турніраў.

Як мяркуюць суразмоўцы выдання, такім складам удзельнікаў Кавальчук рыхтуе сабе алібі, пры якім можа сцвярджаць, што калі ў групах ёсць прадстаўнікі АБФФ і футбольных клубаў, то гэта значыць, што рашэнні прымаюцца не чыноўнікамі, а нібыта футбольнай супольнасцю. Аднак па факце структура створана для таго, каб ухваляць прыдумкі былога ахоўніка Лукашэнкі.