Amnesty International патрабуе тэрмінова склікаць Раду ААН для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі

Amnesty International запатрабавала тэрміновага склікання Рады ААН па правах чалавека для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.

d05e6d2a_7352_49e3_8c54_d23603155627_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s_1.jpg


Рада ААН па правах чалавека павінна тэрмінова склікаць спецыяльную сесію для вырашэння крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, дзе пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў улады пачалі поўнамаштабныя рэпрэсіі, гаворыцца ў адкрытым лісце Amnesty International і 15 міжнародных і беларускіх НКА да галоўнага праваабарончага органа ААН.
У лісце таксама ўтрымліваецца заклік да Рады правесці незалежнае расследаванне парушэнняў правоў чалавека.
"Выбарчая кампанія 2020 года адзначылася беспрэцэдэнтным узроўнем пратэстнай актыўнасці і такім жа беспрэцэдэнтным прыгнётам правоў чалавека з боку ўладаў. Паліцыя ўжывала празмерную сілу, у тым ліку светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёты, супраць мірных дэманстрантаў, падвяргала іх збіццю і катаванням ва ўмовах утрымання без сувязі з вонкавым светам. Акрамя таго, некалькі пратэстоўцаў былі забітыя. Улады паказалі, што яны без ваганняў прыменяць гвалт супраць сваіх уласных грамадзян і што яны маюць намер перашкаджаць расследаванню на нацыянальным узроўні злоўжыванняў праваахоўных органаў", — заявіла Мары Стразерс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
"Мы занепакоеныя тым, што калі дзеянні ўладаў застануцца беспакаранымі, то на вуліцах Беларусі пральецца яшчэ больш крыві.  Рада ААН па правах чалавека павінна даручыць правесці міжнароднае расследаванне парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў па міжнароднаму праву, учыненых напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў, з мэтай хутчэйшага прадухілення далейшых сур'ёзных парушэнняў», — сказала яна.
Адкрыты ліст быў падпісаны сумесна 16 арганізацыямі, у тым ліку Amnesty International, Human Rights Watch, Міжнароднай федэрацыяйю правоў чалавека (FIDH), а таксама беларускімі праваабарончымі арганізацыямі – Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і іншымі.