Амністыя ў Казахстане: будуць вызваленыя ўдзельнікі пратэстаў

Прэзідэнт Казахстана падпісаў закон, які амністуе каля паўтары тысячы чалавек.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў


Згодна з падпісаным у сераду прэзідэнтам Казахстана Касымам-Жамартам Такаевым законам, амніставаныя будуць прыкладна паўтары тысячы чалавек.
Вызваляюцца ад пакарання «ўдзельнікі беспарадкаў, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці».
Тым, каго асудзілі за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, скароцяць турэмныя тэрміны. Не падлягаюць амністыі «асобы, якія ўчынілі тэрарыстычныя, экстрэмісцкія злачынствы, а таксама асуджаныя за карупцыю, дзяржаўную здраду, арганізацыю масавых беспарадкаў і катаванні».
«Некаторыя з тых, хто парушылі закон, усвядомілі сваю віну і раскаяліся ў мінулых учынках. Я думаю, што лепш ставіцца да іх з прабачэннем, таму я прыняў рашэнне абвясціць аднаразовую амністыю», — сказаў Такаеў у звароце да нацыі, які трансляваўся па тэлебачанні 1 верасня.
Паводе слоў казахстанскага прэзідэнта, «праявіўшы гуманізм, можна атрымаць урокі з гэтай трагедыі і не дапусціць яе паўтарэння».
Паводле апошніх звестак, у Казахстане былі асуджаныя 1112 чалавек, затрыманых падчас студзеньскіх падзей.
Другога студзеня праз рэзкі рост цаны на газ у горадзе Жанаазэне ўспыхнулі масавыя пратэсты, якія потым распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. У некаторых рэгіёнах пачаліся пагромы, напады на адміністрацыйныя будынкі, аддзяленні паліцыі, крамы. МУС Казахстана паведаміла, што былі затрыманыя каля дзесяці тысяч чалавек. 
Паводле афіцыйных звестак, падчас студзеньскіх пратэстаў і беспарадкаў загінулі 238 чалавек. Раней улады Казахстана паведамлялі, што па скаргах на катаванні, якія падалі затрыманыя падчас і пасля студзеньскіх падзей, па краіне было распачата больш за 200 спраў.
Беларускія ўлады таксама задумалі правесці амністыю. Гэтую ініцыятыву прымеркавалі да так званага "Дня народнага адзінства". Праект амністыі нядаўна быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Згодна з ім, амаль усе палітычныя зняволеныя застаюцца за кратамі.