Аперацыя «Адплата»: Азербайджан разбамбіў вайсковую частку і захапіў некалькіх вышынь у Нагорным Карабаху

Азербайджан у рамках правядзення «антытэрарыстычнай аперацыі» нанёс удары па вайсковых аб'ектах. Ёсць загінулыя і параненыя.

Азербайджанскія вайскоўцы ў Нагорным Карабаху. Фота з архіва «Deutsche Welle»

Азербайджанскія вайскоўцы ў Нагорным Карабаху. Фота з архіва «Deutsche Welle»


Паводле інфармацыі з Баку, аперацыя «Адплата» была праведзеная ў адказ «на грубае парушэнне армянскімі вайсковымі падраздзяленнямі» пагаднення ад 10 лістапада 2020 года і правядзенне з тэрыторыі, дзе знаходзіцца расійскі міратворчы кантынгент, «тэрарыстычна-дыверсійнай аперацыі». Як адзначае азербайджанскі бок, армяне «планавалі захапіць вышыню Гырхгыз», у выніку ўзброенага сутыкнення загінуў азербайджанскі салдат.
«У выніку аперацыі "Адплата", ажыццёўленай падраздзяленнямі азербайджанскай арміі, былі ўзятыя пад кантроль вышыні Гырхгыз, Сарыбаба і шэраг іншых важных вышынь уздоўж Карабахскага хрыбта Малога Каўказа. На дадзены момант нашымі падраздзяленнямі вядуцца інжынерныя работы па абсталяванні новых пазіцый і пракладцы шляхоў забеспячэння на выгадных рубяжах», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Азербайджана.
Адзначаецца, што ў рамках аперацыі былі знішчаныя некалькі пазіцый армянскіх войскаў, нанесены ўдар з паветра па вайсковай частцы ў населеным пункце Юхары Аратаг. У выніку былі забітыя і параненыя армянскія вайскоўцы, знішчаныя некалькі гаўбіц Д-30.
У той жа час Міністэрства абароны непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі заявіла пра парушэнне Азербайджанам рэжыму спынення агню, а таксама пра гібель дваіх і раненні чатырнаццаці вайскоўцаў, у тым ліку ў выніку ўдараў беспілотнікаў.
У МЗС Арменіі заявілі, што 3 жніўня азербайджанскія вайскоўцы парушылі дамову аб спыненні агню ад 9 лістапада 2020 года і «пайшлі на агрэсію ў зоне адказнасці расійскіх міратворцаў», у выніку чаго ёсць загінулыя і параненыя. Ведамства абвінаваціла Азербайджан у палітыцы запалохвання насельніцтва Нагорнага Карабаха, «этнічнай чыстцы і паўзучай акупацыі» рэгіёна.