«Беларускаму саюзніку можна задумацца аб надзейнасці расійскіх гарантый яго бяспекі»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры задае пытанне: ці не скончылася ў Расіі бяспека? А таксама разважае пра гульні беларускага МЗС вакол ядзернай зброі.

62ea8317d66aa62ea8317d66ab165953615162ea8317d66a862ea8317d66a9.jpg


Ты мяне ведаеш. Я чалавек без забабонаў. Усялякія глупствы кшталту прадказанняў, прыкметаў і злавесных дат мяне не ўражваюць. Але сёння толькі пяты дзень жніўня, а ў свеце ледзь не пачалася ўжо трэцяя па ліку вайна. Нехаця пачынаюць закрадацца нядобрыя думкі пра месяц жнівень.

І што характэрна, трэцяя вайна ледзь не пачалася ў зоне расійскага адказнага ўплыву. Там, дзе Расія гарантавала мір паміж Азербайджанам і Арменіяй сваімі міратворцамі. І вось неяк так атрымліваецца, што ні Азербайджан, ні дружалюбная яму Турцыя не паважаюць ні расійскіх міратворцаў, ні расійскіх гарантый, ні расійскага ўплыву. І Азербайджан робіць тое, што яму падабаецца, пад акампанемент расійскіх заклапочанасцяў.

Тут, вядома, беларускаму саюзніку можна нават ужо трошкі задумацца аб надзейнасці расійскіх гарантый яго бяспекі. Таму што, калі Расія не абараняе аднаго хаўрусніка, то хто можа паручыцца, што ў крытычны момант яна возьмецца абараняць іншага. Масква ж не гумовая. Ёй вунь Херсон абараняць трэба. На саюзнікаў абароны можа ўжо не хапіць. Бліжэйшыя саюзнік ужо паўгода просіць сабе капеечку на ўзаемавыгаднае імпартазамяшчэнне, а абяцаныя яму паўтара мільярды ляжаць там, дзе яны і ляжалі. Гэта значыць, у расійскай казне.

А з іншага боку, ні адна вайна ж не пачалася. Так можа дарма мы з табой нагаворваем на жнівень. Вунь і беларускія ўлады вырашылі ўнесці сваю маленькую лепту ў міжнародную разрадку. Афіцыйны прадстаўнік міністэрства здаецца замежных спраў на спецыяльнай канферэнцыі распавёў пра заслугі беларускіх уладаў у нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Таму што, гэта заходнія нядобразычліўцы прыпісваюць беларускім уладам імкненне абзавесціся ядзернай зброяй. Яны, а не той, пра каго ты падумала. Галоўнае — не пераблытай. Гэта нядобразычліўцы нагнятаюць, а не той, хто плакаў, калі з Беларусі выводзілі «Таполі» і нядаўна прасіў сабе ў Пуціна ядзерных ракет.

Вось з ракетамі не прайшло — і не трэба. Ядзернай зброі не далі, дык можна пахваліцца заслугамі ў яе нераспаўсюджванні. А потым зноў папрасіць сабе ракет. І калі адмовяць — зноў выхваляцца. Калі няма ядзернай зброі, дык няма чаго распаўсюджваць. Такія тонкія дыпламатычныя гульні ў даступнай для беларускіх уладаў канфігурацыі. Іх, праўда, ніхто не ацэніць. Але можна прыкінуцца, што яшчэ маеш у сябе знешнюю палітыку.

P.S. Забабоны, вядома, глупства. Але сокалы якія скінулі пацука на прыступкі Дома Ураду ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы — справа сур'ёзная.

Пераклад НЧ