Беларусы далучыліся да ўкраінскага Майдану ў Ню-Ёрку
Каля 1000 прадстаўнікоў украінскай грамады выйшлі ў суботу на Бруклінскі мост у Ню-Ёрку, каб адсвяткаваць звяржэнне Віктара Януковіча і ўганараваць памяць загіблых герояў Майдану. Да іх далучыліся таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары, што пражываюць у Ню-Ёрку.
Спантанна арганізаваная праз сацыяльную сетку “Фэйсбук” акцыя, арганізатары якой разлічвалі максімум на некалькі дзясяткаў удзельнікаў, раптоўна пераўтварылася ў цэнтральную падзею суботняга жыцця мегаполіса. Тое, што акцыя збярэ вялікую колькасць удзельнікаў, сталася відавочным ужо напярэдадні, калі ўдзел у ёй на яе старонцы ў "Фэйсбуку" пацвердзіла амаль 900 чалавек. Вядучыя тэлеканалы і газеты Ню-Ёрка даслалі асвятляць яе сваіх журналістаў.
Каля Сіці-Холлу (гарадской управы) горада, адкуль пачынаецца пешаходная галерэя найбольш вядомага моста Ню-Ёрка, луналі шматлікія ўкраінскія сцягі, гучалі гімн Украіны і іншыя патрыятычныя спевы.
Атмасфера нагадвала народнае гулянне. Раз-пораз сустракаліся таксама беларускія ды грузінскія сцягі. Да мясцовых беларусаў падыходзілі прадстаўнікі ўкраінскай грамады і дзякавалі за падтрымку.
Шматлікія ў гэтым месцы турысты, якія прыйшлі адведаць Бруклінскі мост, таксама ветліва пасміхаліся і віншавалі ўкраінцаў з перамогай.
Неўзабаве натоўп рушыў Бруклінскім мостам праз раку. На яе сярэдзіне ўдзельнікі акцыі разгарнулі даўгі “жовто-блакітны” сцяг, які расцягнуўся на некалькі дзясяткаў
метраў.
Удзельнікі акцыі прайшлі па мосце на іншы бераг ды вярнуліся на Манхэтан. Там хвілінай цішыні ўшанавалі памяць ахвяраў супрацьстаяння ў Кіеве ды іншых гарадах Украіны, а затым заспявалі
ўкраінскі гімн.
З беларускага боку ў акцыі прынялі ўдзел кіраўніцтва і сябры арганізацыі “Беларусы ў выгнанні”, а таксама паасобныя прадстаўнікі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА).
Фота Дзмітрыя Шчыгельскага