Ці будзе ў Расіі Вельзевул «экстрэмістам» і «інаагентам»?
У Дзярждуме пачалі рыхтаваць праект аб забароне сатанізму ў Расіі. Канчаткова Валадара Цемры плануецца забараніць ужо ў гэтым месяцы.
Галоўным лабістам закона стаў, канешне ж, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Адкрываючы днямі нейкую імпрэзу Кірыл заявіў, што дзяржава павінна супрацьдзейнічаць распаўсюджванню акультызму сярод насельніцтва. Ён падтрымаў ідэю забароны рэкламы акультна-магічных паслуг і заклікаў аб'явіць сатанізм «экстрэмісцкім рухам».
«Недапушчальна, што да гэтага часу розныя сатанінскія секты праводзяць у нашай краіне абрады, прыцягваюць моладзь», — заявіў патрыярх Кірыл. Пры гэтым служыцель кліру ў якасці аргумента чамусьці прывёў падзеі ў зоне «спецыяльнай ваеннай аперацыі» — на франтах ва Украіне. Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы ў там аддаюць свае жыцці за каштоўнасці, якія «яўна зневажаюцца сатаністамі».
Патрыярх таксама прапанаваў звяртаць асаблівую ўвагу на правядзенне «псеўдатрадыцыйных, а насамрэч неапаганскіх» мерапрыемстваў у адукацыйных установах краіны.
Ідэю імгненна падхапіў шэраг дэпутатаў. Апошнія пагражаюць у рэкордныя тэрміны — усяго за 10 дзён, распрацаваць законапраект, а потым у такім жа хуткім тэмпе і працягнуць праз «Госдуру». Пра адпаведныя планы паведаміў дэпутат Мікалай Бурляеў. Прад новую норму патрапяць не толькі не, хто «прадаў душу нячыстаму». Аказваецца ў Расіі дзейнічаюць субкультуры, пад якія мімікруе сатанізм — гэта «квадробінг», «фуры» і «тэрыяны».
Трэба сказаць, што пра сатаністаў расійскія заканадаўцы і службоўцы ўспомнілі не ўпершыню. У снежні 2024 года Генпракуратура прызнала непажаданай зарэгістраваную ў ЗША ў 2012 годзе арганізацыю The Satanic Temple (Храм Сатаны). У ведамстве заявілі, што яна «выкарыстоўвае сатанінскую сімволіку». Аднак у гэтым выпадку гаворка пра заканадаўчы акт куды большага маштабу.
У прынцыпе, прэцэдэнты татальнай забароны вучэння Люцыпара на планеце ёсць. Існуюць як мінімум дзевяць краін, у якіх заканадаўча забаронены сатанізм. Гэта Саудаўская Аравія, Іран, Пакістан, Афганістан, Інданезія, Егіпет, Судан, ААЭ, Бруней.
Найбольш заўзята з сатаністамі ваююць у Іране. Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, увосень мінулага года паліцыя арыштавала ў прыгарадзе Тэгерана больш за 250 чалавек, у тым ліку трох замежнікаў, за прапаганду «сатанізму». Па словах прэс-службы паліцыі «146 мужчын і 115 жанчын» былі затрыманыя, паколькі знаходзіліся ў непажаданым і непрыстойным стане з эмблемамі, знакамі і сімваламі сатанізму на вопратцы, галаве, асобе і валасах».
Зрэшты, эксперты лічаць, што размова ідзе хутчэй пра аматараў алкаголю. Паліцэйскія рэйды на так званыя «сатанінскія» зборы як правіла нацэленыя на вечарынкі ці канцэрты «з ужываннем», які ў значнай ступені забаронены ў Іране.
Акрамя таго, у сатаністы можна пры жаданні запісаць усіх, хто цікавіцца амерыканскай культурнай прадукцыяй. З часоў ісламскай рэвалюцыі ў афіцыйнай рыторыцы прапісаны эпітэт «Вялікі Сатана» пад якім разумеецца ЗША і ўсё, што з імі звязана.
Эпітэт быў прыдуманы іранскім рэлігійным лідарам Рухолам Хамейні, які выкарыстаў яго ў сваёй прамове 5 лістапада 1979 года, на наступны дзень пасля пачатку іранскага крызісу з закладнікамі. Дарэчы аятала таксама вельмі часта аперыраваў тэрмінамі «Меншы Сатана» і «Малы Сатана». «Малым Сатаной» лічыўся Ізраіль, а «Меншым Сатаной» — СССР.
Што будзе пасля забароны Люцыпара ў Расіі? Канкрэтнага адказу пакуль няма. Магчыма забароняць святкаваць Хэлоўін. Затое цэнзараў, гледзячы па ўсім, чакае глабальная праца. Па логіцы давядзецца цэнзураваць хорары і трылеры, аўтары якіх часта выкарыстоўваюць тэму барацьбы дабра са злом. Убачыў сатанінскую зорку — выразаў эпізод; хтосьці Вельзевула памянуў — пераагучыць і гэтак далей. Некаторыя творы кшталту серыяла «Люцыфер», думаецца, давядзецца наогул забараніць.
Аматары гумару ўжо задаюцца пытаннямі: ці можна будзе лаяцца публічна, згадваючы чорта? Ці будзе за гэта адразу штраф? Кшталту, не памінай імя д'ябла…
Дарэчы, асобнае сур'ёзнае пытанне — а як навучыць верніка баяцца пекла, не кажучы пра пекла, яго гаспадара і не жывапісуючы яго пякельныя пакуты? Яшчэ Дантэ ведаў: хочаш напалохаць — вербалізуй страх, візуалізуй яго, зрабі яго бачным.
Зрэшты, расійскія адчайныя дэпутаты могуць усё. Тым больш, што ў іх ёсць амаль нябесны лідар.