Эрдаган заявіў аб датычнасці Расіі да гандлю нафтай з «Ісламскай дзяржавай»

«У нас ёсць доказы. Мы пакажам іх свету», – цытуе «Франс Прэс» заяву Эрдагана, якую ён зрабіў у Анкары.



erdogan3.jpg

marxist.com

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што мае доказы датычнасці Расіі да гандлю нафтай з «Ісламскай дзяржавай».

«У нас ёсць доказы. Мы пакажам іх свету», – цытуе «Франс Прэс» заяву Эрдагана, якую ён зрабіў у Анкары.

Па словах турэцкага прэзідэнта, найбуйнейшым пакупніком нафты ў ІД з’яўляецца бізнесмен з Сірыі, у якога нібыта ёсць расійскае грамадзянства, падае Бі-Бі-Сі.

«Хто купляе нафту? Дазвольце расказаць. Сірыец Джордж Хасвані, у якога ёсць расійскі пашпарт, – адзін з самых буйных гульцоў у гэтым бізнесе», – сказаў турэцкі лідар.

Раней расійскія ўлады абвінавачвалі кіроўную эліту Турцыі ў здзелках з экстрэмісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава». Анкара скаментавала, што гэтыя сцвярджэнні не паддаюцца рацыянальнаму тлумачэнню.

У сераду расійскія вайскоўцы прадставілі здымкі, па іх словах, якія даказваюць транспартаванне нафты ў Турцыю, аднак не патлумачылі, як менавіта гэтыя факты звязаныя з Эрдаганам.

Раней расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што рашэнне Турцыі збіць расійскі бамбавальнік Су-24 было прадыктавана жаданнем засцерагчы каналы пастаўкі кантрабанднай нафты з тэрыторый, якія кантралююцца «Ісламскай дзяржавай».

У адказ на гэтыя словы Пуціна Эрдаган паабяцаў пакінуць сваю пасаду, калі з’явяцца доказы таго, што Турцыя купляе нафту ў баевікоў ІД.

Адносіны Масквы і Анкары рэзка абвастрыліся пасля інцыдэнту з расійскім бамбавіком Су-24, збітым турэцкім знішчальнікам. Турцыя сцвярджае, што самалёт парушыў яе паветраную прастору, Расія гэта адмаўляе.