Гід у Грэцыі: «Мару зрабіць групавую экскурсію па-беларуску!»

Як крызіс адаб’ецца на беларускіх турыстах, што кіруюць у Грэцыю? Каб пагутарыць пра славутасці і рызыкі знаходжання ў сучаснай Эладзе, мы сустрэліся з беларускім экскурсаводам у Грэцыі Змітром Паграбенкам.



2_zmicier_pravodzicj_ekskursiju_logo.jpg

— У чым спецыфіка вашай экскурсійнай дзейнасці?

— Я праводжу туры рэлігійнай тэматыкі ў асноўным на Родасе і выспах Дадэканэса: Сімі, Патмос і г.д. Асноўная экскурсія на Родасе: "Праваслаўны Родас". Ёсць таксама першы тур па цэрквах сярэднявечнага горада "Хрысціянскі Родас — скрыжаванне цывілізацый". Ёсць — па выспе Сімі: "Сто Манастыроў Сімі". Ну і, зразумела, "Патмос — выспа Апакаліпсіса"!

— Чаму прыехалі менавіта на Родас?

— Прыехаў на Родас з мацерыка па запрашэнні найбуйнейшага тады тур-аператара Родаса спецыяльна, каб стварыць першы тэматычны рэлігійны тур на выспе для рускамоўных турыстаў.

— Чаму вырашылі застацца?

— Спадабалася! Я папросту закахаўся ў Дадэканэс!

— Як часта прыязджаеце ў Беларусі і з якой нагоды?

— Разы два на год. Наведаць родных і сяброў. На Плошчу ў часе выбараў прыязджаў…

— Ці шмат беларусаў ведаеце на Родасе? У Грэцыі? Ці ёсць нейкая іх супольнасць?

— На Родасе ёсць колькі дзяўчын, якія тут выйшлі замуж, але свядомых беларусаў на ўсю Грэцыю асабіста ведаю ўсяго некалькі чалавек. Адзін з іх, дарэчы, таксама выпускнік Жыровіцкай семінарыі, у Салоніках навучаецца, як і я калісьці!

— На якіх мовах праводзіце свае экскурсіі?

— Пакуль толькі на рускай, але спадзяюся, што прыйдзе час, калі будзе каму па-беларуску апавядаць! Калі б быў попыт — я б з радасцю вёў і па-беларуску.

3_kal_b_bi_popit_ja_b_z_radascju_vjo_pa_belaruskui_logo.jpg

Зміцер Паграбенка: Калі б быў попыт — я б з радасцю вёў і па-беларуску

— Калі летась мяне абрабавалі на Родасе ў аэрапорце, і я засталася без грошай і дакументаў, вы мяне не ведалі на той момант, але па адным тэлефанаванні прыехалі з іншай часткі Родаса і адвезлі ды ўладкавалі ў манастыр, дзе я змагла перабыць патрэбны час, дзе далі ежу і грошы. Што вамі кіравала?

— А як інакш: калі чалавек просіць дапамогі і маеш магчымасць дапамагчы хоць чымсьці — як і навошта адмаўляцца!?! Ну і тым больш — дапамагчы землякам! Тым больш сімпатычнай дзяўчыне!

— Ці характэрна салідарнасць беларусам, якіх ведаеш па-за Беларуссю, тут, у Грэцыі?

— Беларускамоўным (!) беларусам у замежжы — характэрна. Што да іншых — залежыць ад канкрэтнага чалавека.

4_kankurenta_mne_getim_ekskurs_jnim_k_runku_njama_logo.jpg

Зміцер Паграбенка: Канкурэнтаў мне ў гэтым экскурсійным кірунку няма

— Чым вашы экскурсіі адрозніваюцца ад тых, што прапануюць іншыя агенцыі?

— Значна аптымізаванай праграмай і якасцю падачы матэрыялу, дзякуючы шматгадоваму вопыту на Родасе. Я не аматар сябе хваліць, але праўда ў тым, што канкурэнтаў мне ў гэтым экскурсійным кірунку няма. Акрамя таго, што іншыя экскурсаводы, якія цяпер вядуць гэтую праграму, вучыліся ў мяне, ці ў тых, хто вучыўся ў мяне! (Усміхаецца.) І большасць проста паўтараюць тое, што калісьці чулі ад мяне, — нават з маімі старымі памылкамі.

— Ці плануеце вярнуцца ў Беларусь?

— Пакуль што канкрэтных планаў на гэты конт у мяне няма.

— Ці адчувальны крызіс у Грэцыі для яе жыхароў — вас і вашых сяброў ды калег?

— У нас на выспах, дзякуючы развітаму турызму, крызіс асабліва не адчуваецца.

— Які, на вашу думку, у дадзенай сітуацыі крызісу найлепшы шлях для Грэцыі?

— Апошнія падзеі з незразумелым рэферэндумам і яго наступствамі шмат каго прымусілі задумацца, а кагосьці — расчаравалі. Я асабіста тут думаю трохі шырэй. На мой погляд, цяпер надыходзіць час, калі нарматыўная т. зв. "прадстаўнічая" дэмакратыя губляе свой сэнс. З існуючымі тэхналогіямі мы можам перайсці да першапачатковай, якая была яшчэ ў старажытнай Грэцыі ў тых ці іншых формах, "наўпроставай" дэмакратыі, калі кожны грамадзянін САМ сваім голасам непасрэдна вырашае лёс сваёй дзяржавы. Нешта падобнае да таго паспрабавалі зрабіць у Ісландыі пасля іх крызісу, калі грамадзяне самі, праз інтэрнэт, стваралі сваю Канстытуцыю. Грэцыя — радзіма дэмакратыі, і я думаю, што яе грамадзянам прыйшоў час пра гэта прыгадаць.

— Ці сапраўды цяпер сюды ехаць небяспечна? Што вы параіце турыстам?

— Звесткі пра небяспечнасць паездак у Грэцыю значна перабольшаныя! Усё (банкі, крамы, гатэлі, пляжы, турфірмы і г.д.) працуе ў штатным рэжыме. Дарэчы, цяпер у нас на Родасе амаль што няма вольных месцаў у гатэлях, а арэндаваць машыну можна толькі на наступны тыдзень. Так што, як бачыце, няшмат хто верыць у небяспечнасць адпачынку ў Грэцыі. З парадаў толькі адна: пакінуць усе свае праблемы — і ехаць да нас адпачываць!

5_belaruskamo_nim_abjacaju_zn_zhk__logo.jpg

Зміцер Паграбенка: Беларускамоўным — абяцаю зніжкі

— Як вас знайсці беларускім турыстам, што хочуць пачуць тваю экскурсію? Ці ведзяце індывідуальныя ці толькі групавыя экскурсіі? У чым спецыфіка, адметнасць і выгаднасць, калі замаўляць экскурсію менавіта ў вас?

— Знайсці мяне прасцей за ўсё у фэйсбуку. Зразумела, вяду і групавыя, і індывідуальныя. Мару правесці групавую экскурсію на Родасе па-беларуску! Замаўляючы менавіта ў мяне — беларусы эканомяць грошы без эканоміі на якасці. Беларускамоўным — абяцаю зніжкі.

— У які час найлепей ехаць на Родас? Калі пачынаецца і заканчваецца сезон? Дзе лепей сяліцца? Што варта пабачыць?

— Сезон на Родасе — самы доўгі ў Грэцыі: ад ранняга красавіка да канца кастрычніка (а многія мясцовыя жыхары гэтым часам звычайна толькі пачынаюць купальны сезон!). Самым лепшым перыядам для адпачынку на Родасе з’яўляецца ўвесь сезон цалкам, бо нават у самыя спякотныя — ліпень ды жнівень — дзякуючы пастаянным вятрам, спёка ўспрымаецца нармальна, асабліва на ўзбярэжжы. А вот наконт таго, што пабачыць, — гэта можа быць тэмай яшчэ аднаго інтэрв’ю, бо нягледзячы на невялікія памеры вострава, паглядзець тут сапраўды ёсць што! Зразумела, асноўнымі атракцыямі ёсць сярэднявечны горад-фартэцыя Родас ды старажытны Ліндас. Ну і, канешне ж, месца прыгодаў нашай знакамітай паэткі і журналісткі — манастыр Цамбіка… Месца, дзе на Родасе Жыве Беларусь!

Даведка НЧ

1_zm_cer_padrabenka_logo.jpg

Зміцер Паграбенка. Скончыў Ліцэй БДУ (ПМ і інфарматыка), пасля — Мінскую духоўную семінарыю, у 1999 годзе атрымаў стыпендыю ад МЗС Грэцыі на паслядыпломнае навучанне ва Універсітэце імя Арыстоцеля ў Салоніках на факультэце тэалогіі, аспірантуру якога скончыў па спецыяльнасці "Этыка і сацыялогія рэлігіі". Працаваў у вядучых турыстычных кампаніях Грэцыі з 2000-га, на Родасе — з 2009 года.