Хто забівае беларусаў? Акцыя памяці Віталя Шышова ў Адэсе (фота)
Актывісты з Беларусі сабраліся сёння ў цэнтры Адэсы, каб ушанаваць памяць загінулага кіраўніка «Беларускага дома ва Украіне» Віталя Шышова. Удзельнікі акцыі заклікалі ўлады Украіны сумленна расследаваць гэтую справу.

Віталь Шышоў знік учора раніцай, калі выйшаў на традыцыйную прабежку. Сёння ён быў знойдзены павешаным у адным з паркаў Кіева са следамі збіцця.
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка заявіў, што следчыя сканцэнтраваныя на расследаванні дзвюх версій Віталя Шышова.
«Разглядаюцца версіі пра самагубства і пра забойства з імітаваннем самагубства. Гэта дзве асноўныя версіі, хаця мы не адкідаем іншых. Магчыма, падчас расследавання будуць і іншыя версіі», — паведаміў Ігар Кліменка 3 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.

У акцыі ўзялі ўдзел каля двух дзясяткаў чалавек. Арганізатары акцыі запалілі знічкі і ўшанавалі памяць Віталя хвілінай маўчання.
Акцыі памяці Віталя Шышова з патрабаваннямі справядліва расследаваць абставіны яго смерці сёння праходзяць у Кіеве каля беларускай амбасады, у іншых гарадах Украіны, а таксама ў Вільні, Тбілісі і г.д.