Дэпутатку Ірыну Даўгала ўнеслі ў базу «Міратворац»
Дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі №34 Ірыну Даўгала ўнеслі ў базу дадзеных украінскага сайта «Міратворац».
Падставамі названыя «антыўкраінская прапаганда» і «ўдзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», паведамляе REFORM.by.
На сайце прыведзеныя вытрымкі допісаў з яе Telegram-канала і старонкі ВКонтакте, дзе яна піша пра тое, што «Украіна ўжо не памятае ці не жадае памятаць крывавыя старонкі сваёй гісторыі», украінскія ўлады «не могуць прымаць самастойныя рашэнні», далучаюцца «да заяваў і санкцый ЕС» супраць Беларусі, насуперак «добрасуседскім адносінам» і «славянскаму братэрству».
У верасні мінулага года ў базе аказаўся Аляксандр Лукашэнка, які названы «памагатым прарасійскіх тэрарыстаў і расійскіх захопнікаў». У ліпені 2020 года ў базу «Міратворца» за наведванне Крыма ўнеслі Сяргея Ціханоўскага. Увесну гэтага года ў базу «Міратворца» трапілі супрацоўнікі СТВ Рыгор Азаронак і Юлія Арцюх.
Сайт «Міратворац» быў створаны ў 2014 годзе. На ім размяшчаюцца персанальныя даныя людзей, якіх аўтары партала лічаць датычнымі да «злачынстваў супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны».