Іран патрабуе ад ЗША выбачэнняў за парушэнне тэрытарыяльных водаў
Тэгеран чакае прабачэнняў за інцыдэнт з двума катэрамі ВМС ЗША, затрыманымі ў Персідскім заліве ў іранскіх тэрытарыяльных водах.
EPA/UPG
Іран таксама не абяцае хуткае вызваленне амерыканскіх маракоў, піша РБК.
Аб тым, што Тэгеран запатрабаваў ад Вашынгтона выбачэнняў за парушэнне сваіх тэрытарыяльных вод, заявіў камандуючы марскімі сіламі Корпуса вартай, адмірал Алі Фадаві, перадае Reuters са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачанне Ірана.
Па словах Фадаві, міністр замежных спраў Ірана Джавад Зарыф кантактаваў з нагоды інцыдэнту з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры і заявіў яму, што «амерыканскія маракі ўварваліся ў тэрытарыяльныя воды Ірану, і ЗША павінны папрасіць прабачэння».
Фадаві таксама распавеў, што пасля затрымання двух амерыканскіх катэраў амерыканскіх ВМС самалёты ВПС ЗША паводзілі сябе правакацыйна і непрафесійна», каля 40 хвілін манеўруючы ў раёне Персідскага заліва.
Прадстаўнік Корпуса вартай Рамазан Шарыф у сваім каментары іранскаму агенцтву Tasnim заявіў, што не пацвярджае і не абвяргае ранейшыя звесткі аб хуткім вызваленні затрыманых напярэдадні амерыканскіх маракоў. «Тое, што кажуць аб хуткім вызваленні маракоў, — гэта спекуляцыя», — адзначыў ён. Па словах Шарыфа, 10 маракоў, якіх затрымалі іранскія ваенныя, будуць дапытаныя.
Два амерыканскіх ваенных катэры былі затрыманыя ў іранскіх тэрытарыяльных водах напярэдадні. Як заявіў прэс-сакратар Пентагона Пітэр Кук, катэры здзяйснялі пераход з Кувейта ў Бахрэйн. У тэрытарыяльныя воды Ірану, па словах Кука, іх аднесла цячэннем з-за тэхнічных праблем.
Пазней CNN са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка Пентагона паведамляў, што амерыканскія маракі будуць адпушчаныя 13 студзеня раніцай і сітуацыя хутка вырашыцца. Чыноўнік Пентагона адзначыў, што ЗША на высокім узроўні атрымалі запэўненні аб тым, што маракі будуць вызваленыя ў самыя кароткія тэрміны, а таксама адзначыў, што нішто не паказвае на варожасць Ірана.