Януковіч: «Ніводная ўлада не варта і кроплі пралітай за яе крыві»
Лік забітых падчас супрацьстаяння пратэстоўцаў і сілавікоў у Кіеве ідзе на дзясяткі, параненых — на сотні, а Януковіч працягвае сцвярджаць, што ён праціўнік «сілавых варыянтаў» і ўскладае адказнасць за кровапраліцце на апазіцыю.
Згодна з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя Украіны, у ходзе сутыкненняў пратэстоўцаў і сілавікоў у Кіеве па стане на 6.00 серады загінулі 25 чалавек.
«Памерлі 25 чалавек: восем з іх — пасля шпіталізацыі ў гарадскія ўстановы аховы здароўя (у тым ліку журналіст расійскай газеты «Весці»), чатыры — у
шпіталі МУС, 13 загінулых былі дастаўлены ў Кіеўскае гарадское клінічнае бюро судова-медыцынскай экспертызы», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства.
Усю ноч у цэнтры Кіева працягваліся сапраўдныя баявая дзеянні — сілавікі атакавалі Майдан з дапамогай вадамётаў і бронетэхнікі. Згарэў будынак Дому прафсаюзаў, па некаторых
дадзеных, падпалены сілавікамі. Аднак Майдан выстаяў. Новы дзень тут сустрэлі выкананнем гімну.
У заходніх рэгіёнах цягам ночы захоплівался будынкі адміністрацый, пракуратуры, МУС і СБУ. Ёсьць інфармацыя пра захопленыя пратэстоўцамі зброевыя склады.
Начныя перамовы лідэраў апазіцыі з Януковічам нічога не далі. Паводле словаў Віталя Клічко, ён «неадэкватна ацэньвае сітуацыю». Украінскі прэзідэнт заклікаў усіх паразыходзіцца па
дамах.
У звароце да нацыі, змешчаным на прэзідэнцкім сайце, гаворыцца,
што «ніводная ўлада не варта і кроплі пралітай за яе крыві». Пры гэтым віну за кровапраліцце ён ускладае на апазіцыю, якая нібыта
хацела «усю ўладу і неадкладна», тады як ён сам толькі і рабіў,
што ішоў на кампрамісы. Цяпер жа ён пагражае ім пакараннем, кажучы, што гэта не ягоны «капрыз», а «абавязак, як гаранта Канстытуцыі».
Гэта значыць, кроў будзе ліцца і далей...