Юлія Цімашэнка трымае галадоўку ў падтрымку Еўрамайдану
У лякарні Харкаўскай калоніі дзесяць дзён не прымае ежу колішні прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка. Палітык абвясціла галадоўку ў знак падтрымкі Еўрамайдану.

Юлія Цімашэнка. Фота obozrevatel.com
Як паведаміла прэс-сакратар экс-прэм’ера Марына Сарока, сярод патрабаванняў мітынгоўцаў — вызваленне Юліі Цімашэнкі.
— Сярод патрабаванняў, якія былі агучаны апазіцыяй, ёсць вызваленне Юліі Уладзіміраўны Цімашэнкі. Яна пакарана незаконна. Гэта палітычная справа, якую супраць Юліі Цімашэнкі распачаў рэжым Януковіча. Пра палітычны характар гэтай справы сведчыць рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека ад 30 красавіка гэтага года.
“Затрыманне нявінных і мірных патрыётаў Украіны, па-зверску збітых «Беркутам», у той час, калі ўся Украіна і ўвесь дэмакратычны свет чакае прыцягнення да адказнасці вінаватых у крывавай расправе, у той час, калі на плошчах стаяць мільёны абураных украінцаў і патрабуюць адстаўкі Януковіча, у той час, калі ў Кіеве праводзіцца сустрэча міністраў замежных спраў АБСЕ, — гэта з'яўляецца выклікам, які Януковіч кідае ўсёй Украіне, усяму дэмакратычнаму свету”, — гаворыцца ў заяве Цімашэнкі.
Яна была арыштаваная ў 2011 годзе. Яе прызналі вінаватай у перавышэнні службовых паўнамоцтваў пры падпісанні газавых кантрактаў з Расеяй і асудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя