Кандыдат у прэзідэнты ЗША Джо Байдэн выступіў за ўзмацненне санкцый да Лукашэнкі і паабяцаў падтрымку народу

З крытыкай беларускіх уладаў і Лукашэнкі выступіў кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША, віцэ-прэзідэнт краіны ў 2009-2017 гадах Джо Байдэн.

1122554974__d0_94_d0_b6_d0_be_20_d0_91_d0_b0_d0_b9_d0_b4_d0_b5_d0_bd_20__20_d1_84_d0_b0_d0_ba_d1_82_d0_b8_d1_87_d0_b5_d1_81_d0_ba_d0_b8_20_d1_8f_d0_b2_d0_bb_d1_8f_d0_b5_d1_82_d1_81_d1_8f_20_d0_bf_d1_80_d0_b5_d0_b4_d1_.jpg


«Больш за два месяцы народ Беларусі мірна пратэстуе, патрабуючы пакласці канец жорсткай дыктатуры Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі адказаў кулямі, светлашумавымі гранатамі, масавымі затрыманнямі і катаваннямі», — адзначаецца ў яго заяве на перадвыбарчым сайце, паведамляе Радыё Свабода.

Паводле Байдэна, нягледзячы на рэпрэсіі, рабочыя па ўсёй Беларусі пачалі нацыянальны страйк, каб прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады.

«Хоць прэзыдэнт Трамп адмаўляецца выступаць ад іх імя, я працягваю быць з народам Беларусі і падтрымліваю яго дэмакратычныя памкненні. Я таксама асуджаю абуральныя парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі», — падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты ЗША.

«Ні адзін лідар, які мучыць уласны народ, не можа прэтэндаваць на легітымнасць, — лічыць Байдэн. — Вось чаму міжнародная супольнасць павінна значна ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да паслугачоў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць скрадзенае багацце».

У выпадку перамогі на выбарах Байдэн, паводле яго слоў, мае намер разам з еўрапейскімі партнёрамі і саюзнікамі распрацаваць план эканамічнай падтрымкі «сапраўды суверэннай, дэмакратычнай Беларусі».

«Да таго часу я працягну далучацца да заклікаў Святланы Ціханоўскай і народу Беларусі мірна перадаць уладу, вызваліць усіх палітвязняў, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларускі народ нарэшце змог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія ён так многім ахвяраваў», — запэўніў Джо Байдэн.

Гэта не першая заява Байдэна аб сітуацыі ў Беларусі

26 верасня Джо Байдэн папракнуў Дональда Трампа за маўчанне пра рэпрэсіі супраць дэмакратычных пратэстаў у Беларусі.

«Калі прэзідэнт хаваецца ў страху ад уласных грамадзян, адмаўляючыся прыняць волю народу, гэта прыкмета слабога, незаконнага самаўладцы, а не моцнага лідара», — сказаў Байдэн у заяве для Reuters пра Лукашэнку, якога назваў і «дыктатарам».

У заяве Байдэн паабяцаў, што ў выпадку абрання прэзідэнтам будзе «абараняць дэмакратычныя каштоўнасці і выступаць разам з тымі, хто іх падзяляе», але не ўдакладніў, якія менавіта дзеянні яго адміністрацыя прыме адносна Беларусі.