Колькасць ахвяр тэракта ў Пакістане дасягнула 8 чалавек

У выніку выбуху бомбы на паўночным захадзе Пакістана загінулі былы кіраўнік праўрадавага апалчэння і яшчэ сямёра чалавек, паведамляе «Associated Press».

Медыкі ратуюць адну з ахвяр тэракта ў Пакістане. Фота: AFP

Медыкі ратуюць адну з ахвяр тэракта ў Пакістане. Фота: AFP


Выбух адбыўся ў аўторак вечарам у горадзе Кабал у даліне Сват, якая знаходзілася пад кантролем пакістанскіх талібаў падчас паўстання ў 2007-2009 гадах.
На працягу многіх гадоў Ісламабад заахвочваў так званыя «Камітэты міру» абараняць свае вёскі ад баевікоў. Большасць з іх былі расфарміраваныя пасля таго, як паўстанне было падаўлена і бяспека па ўсёй краіне палепшылася.
Супрацоўнік паліцыі акругі Сват Захід Наваз Марват паведаміў агенцтву AFP, што былы кіраўнік Камітэта міру Ідрыс Хан, які выступаў супраць талібаў, быў забіты: бомба трапіла ў яго пікап.
Іншы прадстаўнік мясцовай паліцыі пацвердзіў колькасць загінулых: акрамя Хана, бомба забіла двух мясцовых паліцэйскіх, двух прыватных ахоўнікаў і трох рабочых.
Адказнасць за напад узяла на сябе забароненая арганізацыя «Тэхрык-і-Талібан Пакістан» (ТТП), якая заявіла, што Хан быў датычны да забойства іх членаў.
Групоўка таксама ўзяла на сябе адказнасць за сутыкненне з пакістанскімі вайскоўцамі, у выніку якога сёння ў раёне Курам, што мяжуе з Афганістанам, былі забіты трое салдат.
У чэрвені ТТП абвясціла бестэрміновае спыненне агню, каб «паспрыяць» мірным перамовам пры пасярэдніцтве Афганістана, але, нягледзячы на гэта, у Пакістане рэгулярна адбываюцца сутычкі.
З таго часу, як талібы вярнуліся да ўлады ў Афганістане ў мінулым годзе, Ісламабад рэгулярна скардзіўся на напады з боку ТТП, асабліва ўздоўж мяжы.
Пакістанскія і афганскія талібы — асобныя групоўкі, аднак яны падзяляюць агульную ідэалогію.