Літва затрымлівае дзясяткі нелегальных мігрантаў у дзень
Праўладны Беларускі саюз журналістаў пагражае яшчэ большымі лічбамі.
Літва за дзень затрымала яшчэ 160 чалавек, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу з беларускага боку. Праўладны Беларускі саюз журналістаў пагражае яшчэ большымі лічбамі.
Паводле ўпраўлення памежнай бяспекі Літвы, ад ранку суботы да ранку нядзелі памежнікі затрымалі 137 мігрантаў у муніцыпалітэце Друскінінкай, яшчэ 23 мігрантаў у іншых раёнах на мяжы з Беларуссю. Многія заявілі, што нібыта вучыліся ва ўніверсітэтах Гродна, але вырашылі ўцячы праз падвышэнне платы за навучанне.
З пачатку 2021 года літоўцы затрымалі 1098 мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу з беларускага боку, і гэта ў 12 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ы.
Тым часам праўладны Беларускі саюз журналістаў заяўляе, што «да канца месяца лічба складзе больш як 5 тысяч», а таксама што «калі адкрыецца яшчэ і так званы польскі калідор, то лік уцекачоў можна смела памнажаць на тры».