Левада-цэнтр: Эйфарыя ад далучэння Крыму паступова пачала спадаць

37% расіянаў усведамляюць, што далучэнне Крыма да Расіі выклікае ва Украіне нянавісць да іх краіны. Гатоўнасць асабіста несці адказнасць і выдаткі за Крым сярод насельніцтва захоўваецца на вельмі нізкім узроўні.



putler_crimea.jpg

Паводле дадзеных апытання, праведзенага аналітычнай арганізацыяй «Левада-цэнтр», 64% расіянаў разглядаюць канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны як вынік ўмяшання Захаду і толькі 3 % лічаць вінаватай Расію. Распаўсюду такой думкі актыўна спрыяе тэлебачанне, якое з'яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі пра крызіс.
Больш за палову апытаных (55%) лічаць неабходным аказанне падтрымкі прарасійскім сілам на паўднёвым Усходзе Украіны. Разам з тым у насельніцтва захоўваюцца моцныя асцярогі, што супрацьстаянне можа перарасці ў вайну паміж суседзямі, у выпадку якой расіяне гатовыя падтрымаць кіраўніцтва Расіі. Аднак за апошні месяц колькасць прыхільнікаў такога «рашэння» знізілася з 74% у сакавіку да 55% у ліпені.
Незалежнасць паўднёвага ўсходу Украіны набывае рэальнасць у вачах значнай колькасьці расіянаў. За апошнія чатыры месяцы колькасць рэспандэнтаў, якія разглядаюць будучыню дадзенага рэгіёну такім чынам, вырасла з 25% да 41%. З тых, хто чуў пра ідэю стварэння «Навароссіі», 38% апытаных яе падтрымліваюць, супраць — 15%.
Эйфарыя ад далучэння Крыма паступова пачала спадаць. 37% апытаных усведамляюць, што гэтае далучэнне выклікае ва Украіне нянавісць да Расіі ў цэлым. Наступствы ад уключэння Крыма ў склад Расіі па-ранейшаму ацэньваюцца пазітыўна, але не так, як гэта было два месяцы таму. Гатоўнасць асабіста несці адказнасць і выдаткі за Крым сярод насельніцтва захоўваецца на вельмі нізкім узроўні.
Апытанне было праведзенае 18-21 ліпеня 2014 года паводле рэпрэзентатыўнай усерасійскай выбарцы гарадскога і сельскага насельніцтва сярод 1600 чалавек ва ўзросце 18 гадоў і старэй у 134 населеных пунктах 46 рэгіёнаў краіны. Размеркаваньне адказаў прыводзіцца ў працэнтах ад агульнай колькасці апытаных разам з дадзенымі папярэдніх апытанняў. Статыстычная хібнасць дадзеных гэтых дасьледаванняў не перавышае 3,4%.
svaboda.org