Навукоўцы пацвердзілі існаванне «таямнічага пакоя» ў пірамідзе Хеопса

Міжнародная група даследнікаў пацвердзіла наяўнасць вялікай вольнай прасторы невядомага прызначэння ў пірамідзе Хеопса, аб існаванні якой навукоўцы выказалі здагадку яшчэ  ў 2016 годзе.

pyramid_1.jpg

Унутры піраміды Хеопса ёсць тры памяшканні (пахавальныя камеры) і некалькі праходаў. Самы буйны з іх — Вялікая галерэя — мае 47 метраў у даўжыню і 8 метраў у вышыню. Выяўленая вольная прастора знаходзіцца над гэтым праходам і мае крыху меншыя памеры. Яе даўжыня складае каля 30 метраў, мяркуюць навукоўцы.
Для чаго патрэбны гэты «таемны пакой», невядома. Пракрасціся ў яго немагчыма.
«Гэта можа быць вольная прастора, якую будаўнікі пакінулі, каб абараніць тонкі дах Вялікай галерэі ад абвальвання з-за вагі піраміды», — цытуе BBC амерыканскага археолага Марка Ленера.
Адзін з кіраўнікоў даследчай групы, супрацоўнік Каірскага ўніверсітэта Хані Хэла лічыць, што выяўленая прастора занадта вялікая, каб служыць толькі «паветранай падушкай».

pyramid_2.jpg

«Мы спрабуем зразумець унутраную структуру пірамід і тое, як была пабудавана гэтая піраміда, — патлумачыў ён BBC. — У вядомых егіптолагаў, археолагаў і архітэктараў ёсць некалькі гіпотэз. Мы толькі даем ім дадзеныя».
Існаванне прасторы пацвердзілі з дапамогай мюоннай тамаграфіі — тэхналогіі, якая дазваляе ацаніць змены шчыльнасці ўнутры буйных каменных структур. Цяпер навукоўцы збіраюцца прасвідраваць адтуліну дыяметрам тры сантыметра ў тоўшчы піраміды і даследаваць «таемны пакой» знутры — пры ўмове дазволу ад уладаў Егіпта.
Вялікая піраміда, ці піраміда Хеопса, была пабудавана ў Старажытным Егіпце паміж 2509 і 2483 гадамі да нашай эры па загадзе фараона Хуфу (Хеопса). Гэта самая вялікая з егіпецкіх пірамід, яе вышыня — 140 метраў.
Паводле meduza.io