Нечаканасць на прэзідэнцкіх выбарах у Іране
Прамежкавыя вынікі галасавання сведчаць пра перавагу адзінага памяркоўнага кандыдата — Хасана Рухані.
Хасан Рухані
За прэзідэнцкую пасаду Ірану змагаецца 6 кандыдатаў. Пяць з іх — гэта кансерватары, блізка звязаныя з кіруючымі краінай аяталамі. Шосты, Хасан Рухані, гэта кандыдат памяркоўных асяроддзяў. Эксперты не давалі яму вялікіх шанцаў і падкрэслівалі, што аяталы хочуць, каб прэзідэнтам стала асоба, цалкам падпарадкаваная духоўным.
Тым часам, паводле іранскага МУС, пасля падліку часткі галасоў (12 мільёнаў) Рухані мае больш за 50% падтрымкі, і калі такі ўзровень захаваецца, то ён пераможа яшчэ ў першым туры.
64-гадовы духоўны выконваў апошнімі гадамі шмат функцый. Праводзіў перамовы з Захадам у справе нуклеарнай праграмы Ірану, а падчас прэзідэнцкай кампаніі абяцаў адлігу. “Я ствару ўрад мудрасці і надзеі, які для дабра ісламскага Ірану ўваскрэсіць эканоміку і мараль у грамадстве і будзе весці канструктыўны дыялог са светам”, — казаў Рухані.
Пасля таго, як са спісу кандыдатаў былі выкрасленыя ўсе рэфармісты, то менавіта Хасан Рухані лічыўся за чалавека найбліжэйшага апазіцыянерам.