Польшча. Яраслаў Качыньскі апраўдваецца за літару «W»

Яраслаў Качыньскі — лідар польскай кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS), якая аказалася ў цэнтры скандалу, звязанага з падрыхтоўкай кампаніі аб даверы Ханне Гранкевіч-Вальц, мэру Варшавы ад ліберальнай партыі «Грамадзянская Платформа» (РО).



12726164941.jpg

У рэкламнай прадукцыі да кампаніі PiS выкарыстала выяву літары «W», якая ў часы вайны была фрагментам сімволікі антыгітлераўскага супраціву і непасрэдна Варшаўскага паўстання. Зараз літара «W» прысутнічае ў галоўным лагатыпе апазіцыі «W — jak Warszawa». («W — як Варшава»).

Тую «W» раней і так выкарыстоўваў хто заўгодна, што выклікала пратэсты ветэранаў. Не спадабалася ім і з’яўленне іхняга сімвалу на плакатах PiS. За гэты факт адразу ўхапілася каманда РО.

Так, Дональд Туск, прэм’ер і лідар РО, палічыў ганебным выкарыстанне гістарычных сімвалаў у бягучым палітычным працэсе. У выніку дыскусія вакол неэтычнага ўжывання правымі палітыкамі літары «W» стала ледзь не галоўнай тэмай дэбатаў.

Скандал набыў такі маштаб, што Качыньскаму давялося асабіста тлумачыць, адкуль узялася тая «W». Па словах палітыка, «W» на рэкламнай прадукцыі PiS не значыць Варшаўскае паўстанне, а ёсць проста знак Варшавы.

Пакуль не зразумела, чым закончыцца гэта дзіўная дуэль з-за літары. Увогуле, варшаўскі бургамістр не карыстаецца вялікай падтрымкай (яе адстаўку падтрымліваюць 75 працэнтаў жыхароў гораду), аднак папулярнасць плебісцыту вельмі нізкая, і ў выпадку прыступу апатыі варшавян пані Гранкевіч-Вальц мае шанс і далей застацца главой варшаўскай мэрыі.