Пачобут выдаў кніжку пра Лукашэнку
Кніга гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута «Сыстэма Беларусь» выйшла у выдавецтве Editio на польскай мове. Прэзентацыя кнігі ў Варшаве прызначаная на 23 кастрычніка, але ўжо з’явілася першая рэцэнзія ў штодзённіку «Rzeczpospolita» пад загалоўкам «Тэатр Лукашэнкі».
Андрэй Пачобут
Аўтар рэцэнзіі піша, што кніга нечым нагадвае папулярны фільм «Мільянер з трушчоб»: «У 1994 годзе звычайны вясковы настаўнік Аляксандр Лукашэнка паставіў усё на адну карту, але замест мільёна выйграў усю краіну ў цэнтры Еўропы. З тых часоў свет стаў асацыяваць Беларусь з імём аднаго чалавека, які гуляе галоўную ролю ў самастойна створаным тэатры».
Андрэй Пачобут — журналіст польскай «Газэты Выборчай». У 2011 годзе суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні крымінальнага артыкула «Паклёп на прэзідэнта». Журналіста пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.
Яшчэ адну крымінальную справу, пра паўторны паклёпе на кіраўніка дзяржавы, завялі на Пачобута ўлетку 2012 года. У сакавіку 2013 года. справу спынілі ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях журналіста складу злачынства.
23 верасня сёлета суд вырашыў вызваліць Андрэя Пачобута ад прызначанага судом пакарання на 3 гады з адтэрміноўкай на два гады за «паклёп на прэзідэнта» на падставе таго, што ў перыяд адтэрміноўкі «асуджаны законапаслухмянымі паводзінамі даказаў сваё выпраўленне».