Гродзенскія анколагі атрымаюць ад Еўрасаюза 1,8 мільёна еўра

Транспамежны праект па развіцці супрацоўніцтва польскіх і беларускіх медыцынскіх установаў у сферы павышэння якасці дыягностыкі анказахворванняў і аказанні хуткай медыцынскай дапамогі рэалізуюць сумесна медыкі Гродна і Сувалак.



get_img_4_2.jpg

Фота img1.1tv.ru

Досведам абмяняюцца спецыялісты Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы і Ваяводскай грамадскай бальніцы Сувалак. Агульны бюджэт праекта — 3,9 мільёна еўра. Грошы пойдуць на навучанне персаналу, развіццё інфраструктуры медыцынскіх установаў дзеля зніжэння смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў у жыхароў памежных тэрыторый.

На базе гродзенскага абласнога шпіталя створаць самастойнае прыёмна-дыягнастычнае аддзяленне, дзе пацыентам змогуць аказваць першую дыягнастычную і медыцынскую дапамогу.

За сродкі праекта набудуць рэанімабілі, сучаснае медыцынскае абсталяванне, правядуць навукова-практычныя семінары і трэнінгі ў Польшчы і Беларусі, канферэнцыі па раннім выяўленні новаўтварэнняў, наладзяць транспамежнае тэлекансультаванне пацыентаў. Плануецца ўкараніць новыя тэхналогіі, заснаваныя на фотадынамічнай дыягностыцы і рэнтгенаўскім абследаванні. Праект разлічаны на 2 гады.  
 

www.t-styl.info