У Польшчы пачаліся буйныя манеўры NATO
Пачаліся буйныя манеўры NATO пад назвай “Steadfast Jazz 2013”. Іх асноўная частка праходзіць на тэрыторыі Польшчы і Латвіі. У іх удзельнічаюць агулам 25 краінаў.

“Мэта вучэнняў — праверка гатоўнасці сілаў рэагавання Паўночнаатлантычнага пакту”, — кажа міністр абароны Польшчы Томаш Сямоняк.
Прадстаўнікі Польшчы падкрэсліваюць, што манеўры — гэта адна з формаў тэставання войскаў NATO і спроба вызначыць кандыцыю альянсу пасля заканчэння місіі ў Афганістане.
Удзельнікі манеўраў будуць прапрацоўваць дзеянні па калектыўнай абароне на тэрыторыі сяброўскай дзяржавы, якая падвяргаецца нападу з боку варожай краіны.
Міністр абароны Польшчы супакойвае, што сцэнар не накіраваны супраць якой-небудзь канкрэтнай краіны.
Аналагічныя вучэнні плануецца праводзіць у NATO кожныя два гады. У цяперашніх удзельнічаюць агулам 22 сяброўскія краіны і тры партнёрскія — гэта Швецыя, Фінляндыя і Украіна.
Манеўры скончацца 9 лістапада.