Украіна. Беларусаў вярбуюць ва ўкраінцы
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі накіраваў у Вярхоўную Раду законапраект аб спрашчэнні атрымання ўкраінскага грамадзянства.

Артыкул 8 «Набыццё грамадзянства Украіны па тэрытарыяльным паходжанні», паводле Зяленскага, дазваляе надаваць пашпарт з выявай трызубу тым, чые продкі жылі ў межах Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР). Гэтае дзяржаўнае фарміраванне, як вядома, існавала ў 1917–1920 гады.
Паводле Брэсцкай дамовы, паўночная мяжа УНР умоўна праходзіла па лініі Прыпяці. Такім чынам, у склад украінскай дзяржавы былі ўключаныя такія гарады, як Гомель, Пінск, Мазыр і Брэст. У прынцыпе, да канца 1919-га УНР як праект была фактычна пахаваная, аднак некаторыя палітычныя сілы ва Украіне да гэтага часу агітуюць за мяжу з Беларуссю стогадовай даўніны.
Зрэшты, наўрад ці Зяленскі належыць да гэтай групы палітыкаў. Закон, хутчэй, павінен неяк вырашыць сітуацыю, калі на дзяржаўныя пасады прызначаюць замежнікаў, што выклікае нараканні з боку шараговых украінцаў.
Тым не менш, нельга выключаць, што ўкраінскі пашпарт, які дазваляе падарожнічаць у ЕС без візы, можа зацікавіць беларускіх палешукоў.
Паводле ўкраінскай прэсы