Украіна цалкам спыніла электразабеспячэнне ЛНР
Электразабеспячэнне непадкантрольных Кіеву раёнаў Луганскай вобласці было цалкам спыненае ў ноч на аўторак, паведаміў кіраўнік кампаніі "Укрэнерга" Усевалад Кавальчук.
![Фота Danil Shamkin / TASS Фота Danil Shamkin / TASS](/img/v1/images/_95773643_tass_13452027.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Danil Shamkin / TASS
У панядзелак гендырэктар Луганскага энергетычнага аб'яднання Уладзімір Грыцай паабяцаў адключыць непрызнаную "Луганскую народную рэспубліку" ад украінскай электраэнергіі з-за даўгоў.
"Усё проста. Няма аплаты з той тэрыторыі каля двух месяцаў. А цяпер зніклі і плацежаздольныя кліенты ў выглядзе буйных украінскіх прадпрыемстваў, захопленых баевікамі", — цытуе "Газета.ру" неназваная крыніца ў міністэрстве энергетыкі Украіны.
Увечары таго ж дня жыхары некалькіх раёнаў Луганску паскардзіліся на адсутнасць электразабеспячэння.
Паводле заявы інфармацыйнага цэнтра ЛНР, падача электраэнергіі была адноўленая ў большасці раёнаў горада менш чым праз гадзіну пасля адключэння.
Акрамя таго, кіраўніцтва непрызнанай "Луганскай народнай рэспублікі" заявіла, што цалкам гатовае да аварыйных сітуацыяў, звязаных са спыненнем падачы электразабеспячэння з боку Украіны.
"Насельніцтва рэспублікі на сабе гэта моцна не адчуе, будзе перабудавана сістэма энергазабеспячэння рэспублікі, электразабеспячэнне насельніцтва будзе ў поўным аб'ёме", — заявілі ў ЛНР.
У лютым ветэраны баявых дзеянняў у Данбасе і народныя дэпутаты Украіны арганізавалі блакаду чыгуначнай лініі з Данбасам. Такім чынам яны змагаліся з гандлем з самаабвешчанай ДНР і ЛНР.
У адказ улады ДНР і ЛНР абвясцілі пра ўвядзенне знешняга кіравання на ўкраінскіх прадпрыемствах, якія знаходзяцца на падкантрольнай ім тэрыторыі.
Паводле ВВС