Украіна. Бандэра дапамагае змагацца з цыклонам

Народны дэпутат ад украінскай нацыяналістычнай партыі «Свабода» Ігар Мірашнічэнка стаў ахвярай жартаўнікоў. У суботу падчас снежнага апакаліпсісу ў Кіеве ананімныя аматара жартаў закінулі ў інтэрнэт ад яго імя інфармацыю пра тое, што «свабодаўцы» пад кіраўніцтва Мірашнічэнкі распрацавалі ўнікальны метад барацьбы з сумётамі.



miroshnichenko_3.jpg

Ігар Мірашнічэнка

Сутнасць яго ў наступным: «Калі стаць каля вялізнай гурбы і тройчы паўтарыць стары бандэраўскі лозунг: «Слава нацыі! Смерць ворагам!», то на працягу максімум паўгадзіны сумёт знікае». Яшчэ больш эфектыўны метад — каля масіву снегу паставіць плакат з выявай Сцяпана Бандэры. Нарэшце, калі верыць тэксту прэс-рэліза, Мірашнічэнка заклікаў адмовіцца ад лапатаў — «камуністычных метадаў барацьбы са снегам». Нягледзячы на поўную бязглуздзіцу, гэту інфармацыю размясцілі шматлікія сур’ёзныя сайты. Іх рэдактары, здаецца, думаюць, што ад Мірашнічэнкі можна чакаць чаго заўгодна.

Паводле ўкраінскай прэсы