Вірус Эбола выяўлены ў Францыі
Ліхаманку магла прывезці жанчына, што вярнулася з Гвінеі.
Кантроль за пасажырамі, якія прылятаюць у Францыі з Заходняй Афрыкі, даў першыя вынікі. Лекары затрымалі адну з пасажырак з падазрэннем на ліхаманку Эбола.
У 40-гадовай жанчыны, якая прыбыла са сталіцы Гвінеі Канакры, была высокая тэмпэратура ды іншыя прыкметы хваробы. Жанчыну адразу ізалявалі ды з захаваннем надзвычайных мер засцярогі ў спецыяльным касцюме і адмысловай машыне даставілі ў інфекцыйны шпіталь у Парыжы. Іншыя пасажыры з разуменнем паставіліся да такой рэакцыі.
Калі дыягназ пацвердзіцца, гэта будзе другі выпадак захворвання на ліхаманку Эбола ў Францыі. Першай захварэла медсястра, якая працавала ў Афрыцы для арганізацыі «Урачы без межаў». Яна ачуняла дзякуючы эксперыментальнаму лячэнню.
Эпідэмія віруса Эбола прывяла ўжо да гібелі больш за чатыры з паловай тысяч чалавек, у асноўным у Ліберыі, Сьера-Леоне і Гвінеі. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за 8 тысяч чалавек заражаныя вірусам.