Высланага з Беларусі кубінца, які ўдзельнічаў у пратэстах, эвакуявалі ў Літву

Пра гэта паведаміў у Facebook кіраўнік фонду дапамогі рэпрэсаваным «BySol» Андрэй Стрыжак.

«

Рабэрта Вальдэс Касануэва і Андрэй Стрыжак. Фота: facebook.com

Рабэрта Вальдэс Касануэва і Андрэй Стрыжак. Фота: facebook.com


«Рабэрта Вальдэс Касануэва завяршыў эвакуацыю і знаходзіцца ў бяспецы ў Літве. Дзякуй усім, хто прыняў удзел у гэтай аперацыі. Здаецца, што гэта было дакладна паўсотні чалавек, якія зрабілі вельмі шмат для яго свабоды. Цяпер Рабэрта нічога не пагражае, і гэта будзе першая паўнавартасная спакойная ноч за доўгі час», — напісаў Андрэй Стрыжак.
Неабходнасьць эвакуацыі Рабэрта Касануэва з Расіі ў Літву Стрыжак патлумачыў СМІ наступным чынам:
«Расія не з'яўляецца бяспечнай краінай для любога грамадска актыўнага чалавека. У любы момант кожнага, хто туды з'ехаў, з тых, хто прымаў удзел у пратэстах, могуць затрымаць наноў па "крыміналцы". Прыклады Яны Пінчук, Аляксея Кудзіна, Андрэя Прылуцкага пацвярджаюць такую практыку. Наша супольная задача была перамясціць Рабэрта ў бяспечнае месца, якім для яго родная краіна, на жаль, таксама не з'яўляецца», — патлумачыў кіраўнік «BySol».
Рабэрта Вальдэс Касануэва пражыў у Беларусі 30 гадоў, тут у яго сям’я і трое дзяцей. Ён свабодна размаўляе па-руску. Працаваў графічным дызайнерам.
Рабэрта Вальдэса Касануэву затрымалі летась 11 лістапада пасля ўдзелу ў маршы. Больш за год ён правёў на Акрэсціна ў чаканні дэпартацыі.
10 снежня 2021 года яго выслалі з краіны. Калі Касануэву вызвалілі, яго пасадзілі на самалёт у Расію: у дакуменце, які яму далі, у кубінца высылка з Беларусі на 3 гады.