Загаворваецца, як Лукашэнка. Кадыраў заявіў, што «засядзеўся» на сваёй пасадзе

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у тэлеграме распавёў пра жаданне пакінуць пасаду, бо заўважыў, што ён найстарэйшы з кіраўнікоў субʼектаў Расіі, ужо 15 гадоў кіруе рэспублікай.

kadyrov.jpg


Рамзан Кадыраў апублікаваў відэазварот пра тое, што яго час на пасадзе кіраўніка рэгіёна «прыйшоў».

«Вось цяпер я даведаўся, што я доўгажыхар сярод усіх кіраўнікоў суб'ектаў. На першым месцы. Ужо 15 гадоў як я кірую рэспублікай (Чачнёй — «НЧ»). У нас у каўказцаў, у чачэнцаў ёсць прыказка: якім бы ні быў госць паважаным, доўгачаканым, калі ён своечасова з'язджае, то гэта бывае яшчэ больш прыемна. Таму я думаю, што мой час таксама прыйшоў — пакуль мяне не выгналі. <...> Мы пра гэта ўжо пачалі думаць і пастараемся своечасова сысці. Салам алейкум, Ахмат — сіла», — сказаў ён.

«Я і сам заўважыў, што засядзеўся. Лічу, што цалкам заслужыў бестэрміновы і доўгі адпачынак», — таксама напісаў ён.

Адна з блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта РФ крыніц «Медузы» паведаміла, што цяпер разглядаецца магчымы пераход Кадырава на кіроўную пасаду ў Расгвардыі.


Рамзан Кадыраў узначальвае Чачню з 2007 года і сапраўды даўжэй за ўсіх астатніх кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў займае сваю пасаду.

Аднак ён і раней неаднаразова разважаў аб магчымай адстаўцы, адзначаючы, што пагодзіцца з любым рашэннем кіраўніцтва РФ з нагоды сваёй пасады. «Мой час ужо прайшоў. Ёсць у чалавека мяжа», — казаў ён у пачатку 2016 года. Увосень ён перамог на выбарах кіраўніка Чачні.

У 2017 годзе Кадыраў сказаў, што сысці ў адстаўку — яго «мара». «Калісьці патрэбныя былі такія, як я — каб ваяваць, навесці парадак. А ў нас сёння парадак, шанаванне, разуменне ў грамадстве, у Расіі», — заявіў тады ён. А ў верасні 2021 года пераабраўся на новы пяцігадовы тэрмін.

Як тут не ўзгадаць Лукашэнку, які кажа, што не трымаецца за ўладу ссінелымі пальцамі, але ніяк не хоча сысці?