У вянок памяці: Віктар Івашкевіч (фота)

Сёння, 21 верасня, аднаму з лідараў БНФ, галоўнаму рэдактару газеты «Рабочы» Віктару Івашкевічу магло б споўніцца 57 гадоў.

xii_zezd_bnf_logo.jpg


Будучы палітык і журналіст Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1980-х гадах Віктар Івашкевіч браў удзел у моладзевым нацыянальным руху «Талака», «Майстроўня». У 1988 годзе стаў сябрам Беларускага народнага фронту.

Віктар Івашкевіч стаў арганізатарам страйкаў на мінскіх прадпрыемствах у 1991 годзе. Быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочы» (1997–2002).


ivaszk_logo.jpg


За свае погляды Віктар Івашкевіч зведаў шматлікія адміністрацыйныя пакаранні і арышты. Ад 1998 года ён больш за 10 разоў быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі, шмат разоў — штрафамі. Двойчы трымаў галадоўку.

У кастрычніку 2002 года Віктара Івашкевіча асудзілі на два гады абмежавання волі за нібыта паклёп на Лукашэнку. Падставай стаў артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», надрукаваны ў газеце «Рабочы» падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Да чытачоў газета не дайшла: яе наклад канфіскавалі непасрэдна ў друкарні.


img_9684_logo.jpg


Віктар Івашкевіч быў намеснікам старшыні Партыі БНФ, адказным сакратаром Управы БНФ. Да лютага 2011-га быў кіраўніком мінскай гарадской арганізацыі БНФ. Але ў лютым абвясціў пра выхад з партыі.


iv_logo.jpg


Віктар Івашкевіч быў адным з арганізатараў незалежнага аналітычнага цэнтру «Беларуская перспектыва», сябрам аргкамітэта партыі «Беларускі рух».



Памёр Віктар Івашкевіч 3 кастрычніка 2013 года пасля цяжкай і працяглай хваробы, так і не дачакаўшыся трансплантацыі пячонкі.

Фота Юрыя Дзядзінкіна