Вітольд Ашурак: «Жыць з выпрастанай спінай цяжка. А выпрастацца пасля столькіх гадоў прыгнёту яшчэ цяжэй!»

«Свабода» апублікавала фрагменты невядомых раней, нават не дасланых турэмных лістоў Вітольда Ашурка.

192697700_3472530966179996_5590861480328424622_n_1_logo.jpg

«Наша возьме»

«Суб’ектыўна чалавек у няволі павінен адчуваць роспач ад суцэльнага абмежаваньня. І ў першую чаргу гэта абмежаваньне сувязі са зьнешнім сьветам. Нават інфармацыйная блякада. Ёсьць толькі ты, і недзе там па-за сьценамі турмы тэарэтычна павінны знаходзіцца сьвет, насельнікі якога жывуць па нейкіх сваіх правілах. Імаверна, у гэтым і палягае канцэпцыя турмы: самотны чалавек марнее і становіцца крохкім.

Але, надзіва, я не адчуваю адзіноты. Мае ворагі паклапаціліся замкнуць у краты маё фізычнае цела. Але як накінуць кайданы на мае думкі? Яны ня могуць пераканаць мяне, што сусьвет па-за межамі турэмных муроў не існуе. І ваш ліст, пані, яскрава сьведчыць пра тое, што я не адзін, што грамадзтва, адкуль я выйшаў, існуе.

Я не самотны, саслабелы вязень. Я здаровы, натхнёны ідэямі чалавек, і часовая няволя не перашкода для мяне. [...]

Шчыра кажучы, я больш непакоюся пра вас. Я сваю справу зрабіў і, знаходзячыся ў палоне, мала чым магу дапамагчы сумленным людзям, якія знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсіяў. Вам нялёгка, я ведаю гэта. Жыць з выпрастанай сьпінай цяжка. А выпрастацца пасьля столькіх гадоў прыгнёту яшчэ цяжэй! Але гэта трэба рабіць.

Адзінае, што я магу дапамагчы вам і ўсім добрым людзям не здавацца. На гэта вы можаце цьвёрда разьлічваць. Бо сапраўды, наша возьме.

З павагай да вас – Вітольд. 07.01.2021

Жыве Беларусь!».

(Фрагмэнт неадасланага ліста, які знайшлі ў рэчах Вітольда)

 «Ворагі ўвесь час імкнуцца разьяднаць нас»

«Шчыры дзякуй за ліст падтрымкі. Мне вельмі прыемна чытаць лісты з усіх куткоў Беларусі і з-за межаў нашай Айчыны! Гэта натхняе мяне жыць і верыць, што мы здольныя браць на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі!

Нашы ворагі ўвесь час імкнуцца разьяднаць нас і нацкаваць адзін на аднога.

Але, нягледзячы на тое, што мы маем розную адукацыю, розны сацыяльны статус, належым да розных рэлігійных канфэсій і маем рознае этнічнае паходжаньне, мы ўсе разам зьяўляемся беларускай палітычнай нацыяй і маем свой агульным дом – Беларусь!».

(Фрагмэнт другога неадасланага незакончанага ліста, які знайшлі ў рэчах Вітольда)

«Гарантыяй майго хуткага вызваленьня можа быць толькі беларускі народ»

«Цікава было пачуць ад Вас навіну пра ірляндзкага дэпутата, які ўзяў палітычнае шэфства над маёй асобай! )) Безумоўна, дзякуй яму на добрым слове! Але гарантыяй майго хуткага вызваленьня можа быць толькі беларускі народ! Рэальнай гарантыяй. Тым ня менш я ўдзячны палітыку з Ірляндыі за палітычную падтрымку!

Летам-восеньню 2020-га мы ўсе разам зьдзейсьнілі сапраўдны подзьвіг – мы паўсталі супраць дыктатуры без выкарыстаньня гвалтоўных мэтадаў. Ніколі такога ў найноўшай гісторыі Сьвету не было! Гэта падзея плянэтарнага маштабу!

Дыктатура разгубілася, але выстаяла. Ёй нават здаецца, што прыйшоў час рэваншу. Але гэта ня так! Пасадзіўшы тысячы людзей за краты, рэжым толькі трошкі адцягнуў час падзеньня, але ніякім чынам не ўмацаваў свае пазыцыі.

Вязьні сталі знакамітымі нават за межамі Беларусі! Хто б ведаў Вітольда ў той Ірляндыі, каб Лідзкі суд не «запакаваў» мяне на 5 год?! Бадай што ніхто! А я ж нічога не зрабіў для такой папулярнасьці!!! Я такі самы Вітольд Ашурак, які выйшаў з мэгафонам 09.08.2020 да Лідзкага райвыканкаму! Я ня стаў лепшым! Міжнародную вядомасьць мне здабылі пракурор і суд Лідзкага раёна!

Згодзен, што яны ставілі за мэту ізаляваць мяне. Добра. Гэта я магу зразумець! Ці ёсьць эфэктыўнасьць у маёй ізаляцыі? На маё месца прыйшлі цудоўныя лідзкія людзі, якія справяцца лепей за мяне!!! Дык што гэта за эфэктыўнасьць?)))

Калі скончыцца доўгая суворая зіма і пачнецца вясна, мы з Вамі будзем бачыць, а дакладней назіраць, другую частку гэтай п’есы. Упэўнены, што яна скончыцца на мажорнай ноце! Буду вельмі рады сустрэцца з Вамі і пачаставаць Вас кавай!)))».

(Ліст да жыхаркі Ліды ад 14 лютага 2021 г.)


«Выконваць нескладаны рэжым мне ня цяжка»

Пр-р-рывітанне, Волечка!

Пішу табе 27.11.2020. Сёньня роўна месяц, як мяне прывезьлі зь Ліды ў Горадню. Юбілей так сабе, але, як кажуць у Кіеве, «шо маемо, то маемо».)))

Учора вечарам атрымаў твой ліст за 21.11.2020. Дзякуй, Волечка за клопат!

Памятаю, што твой Дзень Народзін супадае з Каталіцкімі Калядамі і, па маіх разьліках, я пасьпею яшчэ своечасова павіншаваць. Так што не хвалюйся, Волечка, я моцна трымаю гэтае пытаньне на кантролі.

Адразу адкажу на твае пытаньні наконт быту турмы. Ён даволі нескладаны і нецікавы адначасова. Так што ня будзем спыняцца на гэтых неістотных дробязях.

З настольнымі гульнямі недахопу няма. Шахматы, шашкі, нарды. Я больш увагі надаю шахматам. Але вось маладыя хлопцы ахвотна гуляюць у шашкі і нарды!

Дарэчы, Волечка, ты прасіла не саромецца і гаварыць аб праблемах. Дык вось, прашу цябе дапамагчы мне з акулярамі. Турма высьветліла маю праблему са зрокам. Андрэй перадаў мне акуляры, але там зламалася дужка і выпадае лінза. Я так-сяк замацоўваю ўсё гэта кавалачкамі скотчу, але гэта ўсё дзейнічае часова. Прашу цябе (калі гэта магчыма, зразумела!) прыслаць мне акуляры. Андрэй ведае, якія. Здаецца, я закранаў гэтую тэму ў папярэднім лісьце, які ты на гэты момант яшчэ не атрымала.

Яшчэ, Волечка, ты пыталася, як перавесьці мне трохі грошай. Я высьветліў гэта — звычайны грашовы перавод на маё імя і на гэты адрас. Заўважу, што тут маецца турэмная крама.

Са зборам подпісаў пад зваротам, каб узяць мяне на парукі, я адразу паставіўся скептычна. Зразумела, што мяне ні ў якім разе не выпусьцяць. Але як інфармацыйная кампанія ціску на ўлады, то гэта мае сэнс.

Гэта добра, што ты плянуеш бліжэйшым часам наведаць Ліду! Гэты горад займае асаблівае месца ў маім жыцьці. Вельмі шмат людзей ты ўжо ведаеш. Спадзяюся, што з многімі патрыётамі яшчэ і пазнаёмісься!

Яшчэ раз перачытаў твой ліст. Ты пытаесься, ці мяняюцца камэры. Дык вось, адказваю — месяц я ўжо жыву ў адной камэры. Калегі па камэры ставяцца да мяне нармальна. Чалавек я неканфліктны і выконваць нескладаны рэжым мне ня цяжка, таму праблем з адміністрацыяй таксама няма.

Кнігі. Здаецца, абмежаваньняў няма. Памятаю, ты нешта казала пра «Гары Потэра» у тваім асабістым перакладзе.))) Ці гэта не паўнавартасная кніга, а толькі рукапіс.

З музыкай сапраўды кепска. Таму, калі будзеш мець магчымасьць, Волечка, то перадай які-небудзь танны радыёпрыёмнік.

Маляваць у гэтых умовах ня бачу сэнсу. Дзякуй за прапанову, але абмяжуюся дзёньнікам.

Ты ведаеш, я пачаў вывучаць турэцкую мову. І гэта ня жарт!))

Ну што, Волечка, будзем жагнацца!

Пішы, калі ласка! Да сустрэчы!

Жыве Беларусь!

27.11.2020. Вітольд».

(Ліст да сяброўкі Вольгі Быкоўскай ад 27 лістапада 2020)


«Ты, мама, і не ўяўляеш, якім я сябе адчуваю шчасьлівым»

«Прывітаньне, мама!

Пішу табе, каб ты не хвалявалася — у мяне ўсё добра. Умовы ўтрыманьня прымальныя. Нядаўна мяне перавялі ў адрамантаваную камэру. Чысты і сьветлы пакойчык. Мне цёпла – працуюць батарэі. Кожны дзень водзяць на прагулку на сьвежае паветра. Ежы таксама хапае, так што клапаціцца ня варта.

Сумую толькі па ўсіх вас! Учора атрымаў ліст ад нашай суседкі [...]. Піша, што вы рэгулярна стэлефаноўваецеся. Паведамляе, што ты, мама, трымаесься малайцом. Дай ёй Бог здароўя за тое, што не забываецца пра цябе!

Вельмі непакоюся, калі чую, што там, у вас на волі, вельмі небясьпечная абстаноўка з «карона-вірусам». Беражы сябе, мама! Я ведаю, як ты любіш пахадзіць па Бярозаўцы! Але, прашу цябе, сьцеражыся! Хоць маску насі. Упэўнены, што ты так і зробіш.

Як там Андрэй з Томай? Спадзяюся, што яны жывыя-здаровыя. Зразумела, што мне цікава, як жывуць [...]. Часьцяком прыгадваю іх вясельле! Якія мы тады былі шчасьлівыя і вясёлыя!

Я ўпэўнены, што мы яшчэ зьбяромся ўсе разам! І Андрэйка будзе з намі абавязкова! Ён сьніцца мне. Ты, мама, і не ўяўляеш, якім я сябе адчуваю шчасьлівым ад таго, што вы ёсьць у мяне!

Прашу цябе не забывацца і пра жоначку маю Вольгу! Звані ёй час ад часу! Перадавай прывітаньне ўсім, хто памятае і пытаецца пра мяне.

Люблю цябе, мама! Не сумуй, калі ласка!

04.11.2020. Твой сын Вітольд».

(Ліст да маці ад 4 лістапада 2020 году. Рэдакцыя «Свабоды» атрымала гэты ліст у 2021 годзе)