Барыс Жаліба. Ці не давядзецца плакаць?

Дзякуючы сусветнай цэнавай кан'юнктуры Беларусь забяспечыла ў другім-трэцім кварталах 2021 года выбуховы рост экспарту, за кошт чаго перакрыла запланаваны ВУП, выраўняла дэфіцытны бюджэт. І гэта на фоне прыняцця краінамі Захаду пяці санкцыйных пакетаў. Праўда, іх асноўныя эканамічныя палажэнні маюць адкладзенае дзеянне, яно павінна праявіцца ў поўную сілу ў надыходзячым 2022 годзе, піша «Народная Воля».

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo_1.jpg

Усё гэта дало падставу прэм'еру Раману Галоўчанку і намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыю Крутому заявіць, што падобных дасягненняў эканоміка Беларусі не ведала 10—12 гадоў. Але давайце падымем адпаведную статыстыку. Як казаў паэт, "большое видится на расстоянье".

Найвышэйшы ўзровень па такім паказчыку, як валавы ўнутраны прадукт, быў дасягнуты ў 2014 годзе ў аб'ёме 78,8 мільярда долараў у эквіваленце. З тых часоў ён ні разу не быў пераўзыдзены, не будзе гэтага і ў 2021 годзе. З тых часоў у нас ідзе з большым ці меншым поспехам (у 2015–2016 гадах ВУП мінусаваў) аднаўленчы рост эканомікі.

Па выніках трох кварталаў 2021 года эканоміка Беларусі вырасла на 2,7% у гадавым вымярэнні, а рост за трэці квартал сышоў да 1,4% — у той час, як, напрыклад, ВУП Эстоніі за гэты квартал вырас у гадавым вымярэнні на 8,6%, ВУП Польшчы — на 5,1%, ВУП Літвы — на 4,7%, ВУП Расіі — на 4,3%. Прычым у краінах, дзе быў уведзены лакдаўн, падзенне ВУП было большым, чым у Беларусі, але і аднаўленне росту ВУП ідзе больш інтэнсіўна. У чацвёртым квартале нізкія тэмпы росту працягваюцца: за кастрычнік ВУП Беларусі павялічыўся ў гадавым вымярэнні толькі на 0,2% , за лістапад — на 1,3%.

А якія змены ў 2021 годзе адбыліся ў якасным стане беларускай эканомікі? Інвестыцыі ў асноўны капітал за студзень-лістапад зменшыліся на 6,2%. Зніжэнне адбылося да нізкай базы 2020 года, тады за 11 месяцаў інвестыцыі ўпалі на 4,3%. Памяншэнне рэальных інвестыцый застаецца адной з галоўных праблем беларускай эканомікі. Эканоміка па-ранейшаму абцяжараная запазычанасцямі. Прычым запазычанасцямі, якія з года на год растуць.

За 10 месяцаў 2021 года буйныя і сярэднія арганізацыі накіравалі на пагашэнне крэдытаў і пазык 68,5 мільярда рублёў, або на 14,9% больш, чым за супастаўны перыяд 2020 года. Сума гэтых даўгоў разам з крэдыторскай запазычанасцю ўжо даўно перавышае гадавы ВУП краіны. 21,5% флагманаў былі нерэнтабельныя, а 32,9% мелі рэнтабельнасць продажаў у межах 0–5%. Такім чынам, па выніках 10 месяцаў доля нерэнтабельных і нізкарэнтабельных буйных і сярэдніх прадпрыемстваў склала 54,4%.

Такія нашы флагманы, як, скажам, "Гомсельмаш", БМЗ, абцяжараныя непад'ёмнымі запазычанасцямі. Яшчэ памятны ў пачатку года пазапланавы выпуск Міністэрствам фінансаў валютных аблігацый на суму больш за 600 мільёнаў долараў, якія набылі банкі, каб выратаваць ад банкруцтва БМЗ. З новага 2022 года многія флагманы зноў устануць у чаргу за льготнымі, так званымі дырэктыўнымі, крэдытамі, за шматгадовымі адтэрміноўкамі ў пагашэнні ўзятых крэдытаў або за іх спісаннем. Без бюджэтных падпорак яны працаваць зноў не змогуць, а з рабочым класам жарты дрэнныя.

Чаму ўрад павышае падаткі і зборы малому бізнесу? Таму што грошы па-ранейшаму будуць браць у бізнесу і насельніцтва і ўкладваць у стратны дзяржаўны сектар.

Калі ў нас так добра з эканомікай, тады чаму ўрад зноў вядзе перамовы з Еўразійскім банкам развіцця аб крэдыце ў памеры 3,5 мільярда долараў для кампенсацыі выпадаючых з-за заходніх санкцый валютных даходаў, пра што паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра М. Снапкоў? Расійскае кіраўніцтва ніколі не пакідала ў бядзе адданага саюзніка і заўсёды кідала яму выратавальны круг. Верагодней за ўсё, так будзе і ў гэты раз.

Часовыя поспехі ў эканоміцы, выкліканыя галоўным чынам знешнімі фактарамі, далі падставу і для шэрагу заяваў уладаў аб тым, што заходнія санкцыі не вельмі і нашкодзяць беларускай эканоміцы. Тым не менш, урад рыхтуецца да таго, што ў гэтым годзе можа здарыцца моцны ўдар па экспартных магчымасцях краіны. Таму плануецца нарасціць пастаўкі тавараў у Кітай на цэлых 32,2%, што дасць прырост на 300 мільёнаў долараў ад дасягнутага. Прадугледжваецца на 26,5% павялічыць беларускі экспарт і ў іншыя краіны Азіі, а ў краіны Афрыкі прагназуецца яго рост на цэлых 53,6% — у выглядзе паставак трактароў, грузавікоў, сельгастэхнікі ў Зімбабвэ, Малаві, Егіпет і іншыя дзяржавы. Аднак у бедных афрыканцаў не заўсёды дастаткова валюты для аплаты беларускага экспарту, але ва ўмовах увядзення беларускім урадам эмбарга на пастаўкі харчавання з краін ЕС, Вялікабрытаніі, Нарвегіі і іншых «недружалюбных» дзяржаў, якія падтрымалі санкцыі супраць Беларусі, і экзатычны бартар з краінамі «чорнага кантынента» будзе вельмі дарэчы.

У любым выпадку, хваліцца высокапастаўленым чыноўнікам няма чым. Калі сёння яны радуюцца часоваму поспеху, то неўзабаве, можна меркаваць, будуць плакаць, бо праз дыктатарскую палітыку Беларусь становіцца ізгоем у цывілізаваным свеце — і яе эканоміка пойдзе пад адхон.