Беларусы не аплацілі болей за 400 тысяч жыровак
На 1 студзеня беларусы не аплацілі больш за 400 тысяч квітанцый на аплату камунальных паслуг, сказаў міністар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель тэлеканалу «Беларусь 1».
У краіне 4 мільёны 200 тысяч асабовых рахункаў. У кастрычніку-снежні 2020 года колькасць рахункаў, якія мелі пратэрмінаваныя квітанцыі, даходзіла да 470-490 тысяч, але затым лічба зменшылася.
Міністр адзначыў, што з тых 400 тысяч неаплачаных асабовых рахункаў 70% маюць запазычанасць, не большую за тры месяцы. «Дзесьці чалавек да 25 чысла забыўся аплаціць, закруціўся. Дзесьці памылкова не даплаціў 1-2 рублі — ён ужо трапляе ў гэты спіс,» — цытуе nn.by словы міністра.
Нагадаем, пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў нясплата камунальных паслуг стала ў Беларусі адной з форм грамадзянскага непадпарадкавання.