Чыноўнікі адмаўляюцца рэгістраваць пярвічкі Беларускага незалежнага прафсаюза

Мясцовыя ўлады адмовілі ў рэгістрацыі пярвічак Беларускага незалежнага прафсаюза ў EPAM і "Пеленгу". Аргумент-адсутнасць "агульных інтарэсаў", піша Еўрарадыё.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Улады не перастаюць здзіўляць, — выказалася сакратар-скарбнік БНП Сняжана Грынцэвіч. — У пачатку восені работнікі дзвюх кампаній, EPAM Systems і ААТ "Пеленг", вырашылі стварыць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза. Былі праведзеныя ўстаноўчыя сходы будучых пярвічак. Усе дакументы былі пададзеныя, прадстаўнікі адміністрацыі прасілі дадатковыя дакументы, а пазней даслалі адмову.
У прафсаюзе дзеянні ўладаў назвалі незаконнымі. Апратэставаць адмову БНП плануе ў судзе.
Ну і, вядома, будзем патрабаваць рэгістрацыі пярвічных арганізацый, — дадала Грынцэвіч.
Прадстаўнікі прыватных кампаній цяпер актыўна звяртаюцца ў БНП з жаданнем зарэгістраваць пярвічкі. Гэтаму паспрыялі словы Лукашэнкі, які заявіў пра неабходнасць прысутнасці прафсаюзаў ва ўсіх прыватных арганізацыях.