Да санкцыяў ЕС супраць кіраўніцтва Беларусі далучыліся пяць краін Еўропы
Да санкцыяў Еўрасаюза супраць кіраўніцтва Беларусі далучыліся пяць краін — партнёраў ЕС. Пра гэта гаворыцца ў адпаведнай заяве, апублікаванай сёння на сайце Савета ЕС, паведамляе Еўрарадыё.
"Краіны-кандыдаты: Албанія, Паўночная Македонія і Чарнагорыя, а таксама дзяржавы еўрапейскай зоны свабоднага гандлю — Ісландыя і Нарвегія — далучыліся да Пастановы Савета ЕС аб увядзенні санкцый", — гаворыцца ў заяве.
У 2020 годзе ЕС прыняў тры пакеты санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі, а таксама некаторых фірмаў і прадпрыемстваў. Пад санкцыі трапілі 84 фізіныя асобы і 7 юрыдычных. У іх ліку — такія прадпрыемствы, як "Белтэхэкспарт", Мінскі завод колавых цягачоў, Dana holdings, "Сінезіс", а таксама Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Прэс-служба Святланы Ціханоўскай анансавала прыняцце чацвёртага пакета санкцый ў студзені-лютым 2021 года.