Дзяржпадтрымка будаўніцтва жылля захоўваецца

Маладыя і шматдзетныя сем'і, якія атрымалі для будаўніцтва жылля камерцыйныя (няльготныя) крэдыты да 6 жніўня 2017-га, змогуць атрымаць дзяржпадтрымку на іх пагашэнне.

Фота kreditfinder.ru

Фота kreditfinder.ru

2 жніўня ў скандальны Указ №240 унесеныя змены, паведамляе прэзідэнцкі інтэрнэт-партал. У адпаведнасці з папраўкай, усе маладыя і шматдзетныя сем'і, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў і заключылі да 6 жніўня 2017 года крэдытныя дагаворы, змогуць атрымаць фінансавую падтрымку дзяржавы, як гэта прадугледжвае Указ № 585 "Аб прадастаўленні маладым і шматдзетным сем'ям фінансавай падтрымкі дзяржавы".

Раней паведамлялася, што Указ №585 спыняе свой дзеянне, і ўсе, хто не паспее аформіць дзяржпадтрымку да 6 жніўня, яе не атрымаюць. У цэлым па краіне ад такой меры маглі пацярпець 2814 маладых і 148 шматдзетных сем'яў.

Сем'і шматразова звярталіся ў розныя дзяржаўныя ведамствы, спрабуючы прыцягнуць увагу да праблемы. Было накіравана 6 калектыўных лістоў — у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у Савет міністраў і ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Паводле Указа №585, маладыя і шматдзетныя сем'і маглі ўзяць у камерцыйным банку крэдыт на будаўніцтва жылля, а пасля атрымаць датацыю ад дзяржавы на пагашэнне гэтага крэдыту. Пры гэтым дзяржпадтрымка выплачвалася толькі пасля таго, як дом прыняты ў эксплуатацыю. Згодна з новымі правіламі, прадугледжвалася, што калі акт прыёмкі дома не падпісаны да 6 жніўня, то сем'і фінановую дапамогу не атрымліваюць.

Указ, які адмяняе дзяржпадтрымку сем'яў згодна з Указам №585, быў падпісаны 4 ліпеня, а ўжо 13 ліпеня міністр архітэктуры і будаўніцтва А.Чорны на сустрэчы з журналістамі заявіў, што «адмена ўказу №585 была заўчаснай, гэта была сур'ёзная памылка».

Каля месяца сям'і, якія ўзялі крэдыт на будаўніцтва, знаходзіліся ў няўпэўненасці, не ведаючы, атрымаюць яны дзяржпадтрымку ці не. Зараз нарэшце стала вядома, што іх голас пачуты.