ЕФСР: Крэдыт Беларусі пайшоў на пакрыццё дэфіцыту бюджэта. А чым жа мы тады разлічыліся за газ?
Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця абверг расходаванне крэдыту, прадастаўленага Беларусі, на пакрыццё даўгоў перад «Газпромам». Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар праектнага блока ЕФСР Андрэй Шырокаў.
«У прэсе гучалі ацэнкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Антыкрызісную праграму пачалі прапрацоўваць яшчэ вясной, калі прыйшла першая хваля COVID-19. Яна была нацэлена на фінансаванне непрадбачаных выдаткаў бюджэту, з якімі ўсе краіны ЕАЭС сутыкнуліся сёлета: пазапланавая падтрымка аховы здароўя, падтрымка розных сектараў эканомікі, малога і сярэдняга бізнесу, насельніцтва, якое страціла працу» — прыводзіць яго словы TUT.BY.
Трэба адзначыць, што Мінфін пацвердзіў атрыманне крэдыту ЕФСР у 500 млн долараў 16 кастрычніка. Яны ў поўным аб’ёме былі залічаны ў рэспубліканскі бюджэт. Сродкі былі прадастаўлены на тэрмін да 10 гадоў з ільготным перыядам 5 гадоў пад плавае працэнтную стаўку (вызначаецца як сярэдняя прыбытковасць расійскіх еўрааблігацый ў доларах ЗША на тэрмін 7 гадоў). Пры гэтым у той жа дзень Мінэнерга заявіла аб пагашэнні доўгу перад «Газпромам» за пастаўкі расійскага газу ў студзені-верасні.
Паводле інфармацыі Мінфіна, дэфіцыт бюджэта сапраўды рэзка скараціўся па выніках кастрычніка. Дэфіцыт бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання паводле вынікаў дзесяці месяцаў 2020 года склаў 132,9 млн рублёў, што на 1,87 млрд рублёў менш, чым паводле вынікаў студзеня-верасня. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту на 1 лістапада склаў 583,5 млн рублёў і знізіўся на 1,21 млрд рублёў за кастрычнік.
Між тым, пра тое, што крэдыт ЕФСР пойдзе на пагашэнне доўгу Беларусі за газ, казала не агульная «прэса», а міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў. Паводле яго слоў, у 2020 годзе Беларусь можа атрымаць крэдыт у 1 млрд долараў ад урада Расіі і 500 млн долараў — крэдыт ЕФСР. «Пры гэтым за кошт крэдыту ЕФСР Беларусь цалкам пагасіць назапашаную запазычанасць за пастаўкі газу перад «Газпромам». Запазычанасць перад «Газпрамам» складала каля 330 млн долараў, і аб’ём крэдыту, які мы абмяркоўваем, з Еўразійскім фондам (стабілізацыі і развіцця — рэд.) — 500 млн долараў. Поўны разлік перад нашай газавай кампаніяй», — сказаў Сілуанаў у інтэрв’ю на тэлеканале «Расія-1» 16 верасня.