Фармацэўтычныя прадпрыемствы «добраахвотна» перададуць мільёны акцый дзяржаве
Пастановай Савету Міністраў Беларусі № 634 «Аб бязвыплатнай перадачы акцый» прадугледжваецца перадача ў гаспадарчае вядзенне дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Белфармпрам» акцый шэрагу акцыянерных таварыстваў.
Дакумент размешчаны на Нацыянальным прававым партале.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» перадасць у распараджэнне «Белфармпраму» 1 852 844 акцыі, намінальны кошт адной — 49 рублёў.
Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў перадасць 1 453 343 акцыі, намінальны кошт — 4,4 рубля.
ААТ «Экзон» — 1 795 132 акцыі, намінальны кошт — 0,44 рубля.
Сумеснае адкрытае акцыянернае таварыства «Фэрэйн» — 3 469 600 акцый, намінальны кошт — 1 рубель.
Дзяржаўнаму камітэту маёмасці і Міністэрству аховы здароўя даручана ажыццявіць неабходныя захады для рэалізацыі пастановы.
На пачатку жніўня была створаная камісія па ліквідацыі Дэпартаменту фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя.
У адпаведнай урадавай пастанове адзначалася, што пасля завяршэння разлікаў з крэдыторамі будзе зацверджаны яго лiквiдацыйны баланс і адбудзецца перадача-прыёмка маёмасці на баланс Міністэрства аховы здароўя.
Вытворчасцю лекаў будзе займацца новая юрыдычная асоба — холдынг вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі, створаны прэзідэнцкім указам ад 25 ліпеня.
Міністэрства аховы здароўя вядзе кампанію замяшчэння імпартных лекаў, каб падтрымаць беларускіх вытворцаў. Пасля продажу акцый «Белфарму» гэта ў бальшыні сваёй будуць дзяржаўныя прадпрыемствы.