Місія МВФ будзе працаваць у Беларусі ў кастрычніку
Чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду прыбудзе ў Беларусь 26 кастрычніка. На працягу двух тыдняў эксперты фонду будуць ацэньваць макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі.
"Місія МВФ прыбудзе ў Мінск згодна з артыкулам IV Статута МВФ, які прадугледжвае рэгулярныя кансультацыі паміж краінамі — членамі МВФ па макраэканамічнай палітыцы", — паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з характарам візіту.
Беларускія ўлады, паводле звестак БелаПАН, чакаюць падчас восеньскай місіі аднаўлення дыялогу з МВФ аб новай крэдытнай праграме і характары рэформаў, якія яна прадугледжвае.
Як тлумачаць улады, з фондам пакуль няма згоды па хуткасці рэфармавання дзяржсектара і павышэння тарыфаў на ЖКГ. "На гэты момант існуе дамоўленасць з МВФ, паколькі мы не дамовіліся па двух момантах, узяць пэўную паўзу і вярнуцца да размовы ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада", — адзначаюць яны.
20 ліпеня гэту інфармацыю афіцыйна пацвердзіў прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй, выступаючы на брыфінгу ў Вашынгтоне.
"Дыскусіі па крэдытнай праграме для Беларусі пакуль спыненыя ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных змяненняў на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў", — сказаў Мюрэй.
Беларускія эканамісты тлумачаць паўзу ў перамовах з МВФ па новай крэдытнай праграме тым, што беларускі бок пакуль не гатовы рэалізаваць прапановы фонду па глыбокім рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў.
Падчас красавіцкага штогадовага паслання ў парламенце Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі бок пакуль не гатовы прыняць рэкамендацыі МВФ у гэтым кірунку.
"Па дзяржпрадпрыемствах. Не, гэта мы не зможам сёння зрабіць. Не таму, што гэта няправільна. Таму, што нам пакуль гэта не падыходзіць. Нам трэба разабрацца спачатку з гэтымі прадпрыемствамі", — падкрэсліў Лукашэнка, каментуючы рэкамендацыі МВФ.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН