Рэспубліканскі бюджэт у студзені-лютым выкананы з прафіцытам у мільярд рублёў. Але гэта не радуе
Мінфін апублікаваў звесткі аб выкананні бюджэту ў студзені-лютым. Па выніках двух месяцаў прафіцыт рэспубліканскага бюджэту складае 1 млрд. рублёў.
Аднак варта адзначыць, што за люты прафіцыт скараціўся на 400 млн. рублёў, піша REFORM.by.
Прафіцыт бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання склаў 1,36 млрд. рублёў, што на 740 млн. рублёў менш, чым па выніках студзеня.
Такім чынам, у лютым і рэспубліканскі бюджэт, і бюджэт сектара дзяржаўнага кіравання «аселі». І гэта адбылося без уліку ўплыву маштабных санкцый за падтрымку вайны ва Украіне, якія ўвялі ў дачыненні да Беларусі толькі ў пачатку сакавіка.
Даходы бюджэту сектара дзяржкіравання склалі 10,98 млрд. рублёў, у тым ліку 5,4 млн. рублёў склаў падатак на прыбытак, 3,3 млрд. рублёў прынёс ПДВ, 724,8 млн. рублёў — акцызы. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 674,1 млн. рублёў. ФСАН сабраў 3,5 млрд. рублёў.
Выдаткі бюджэту сектара дзяржкіравання склалі 9,62 млрд. рублёў, у тым ліку 1,3 млрд.. рублёў накіраваныя на агульнадзяржаўную дзейнасць, 1,17 млрд. рублёў — на нацыянальную эканоміку, 3,17 млрд. — на сацыяльную сферу. ФСАН выдаткаваў 3,26 млрд. рублёў.
Прагноз бюджэтнага дэфіцыту па выніках года быў нязначна зменшаны. Дэфіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання плануецца на ўзроўні 2,54 млрд. рублёў, а рэспубліканскага — 2,81 млрд. рублёў.