Салігорск. ТБМ збірае подпісы за выкананне моўнага заканадаўства
Пасля абрання новым кіраўніком салігорскай арганізацыі ТБМ Уладзіміра Масакоўскага мясцовая суполка прыхільнікаў беларускай мовы актывізавала сваю барацьбу за моўную роўнасць у рэгіёне.
Па ініцыятыве ТБМ салігорцы распачалі збор подпісаў пад патрабаваннем да мясцовых уладаў прывесці шыльды з назвамі Салігорскага райвыканкаму і Савета дэпутатаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама ўсю вонкавую інфармацыю ў адпаведнасць з патрабаваннямі моўнага заканадаўства. У патрабаванні звяртаецца ўвага на артыкул 2 Закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», паводле якога дзяржава «забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моваў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі». Аднак у сталіцы шахцёраў, па меркаванні падпісантаў звароту, такога клопату не назіраецца.
Жыхары Салігорска, як індывідуальна, так і ад імя грамадскіх арганізацый, ужо неаднаразова звярталіся ў Салігорскі райвыканкам са скаргамі аб парушэннях у горадзе моўнага заканадаўства. Аднак дагэтуль у абсалютнай большасці арганізацый і ўстаноў, у тым ліку органах мясцовай улады, шыльды з назвамі і вонкавая інфармацыя выкананы толькі на рускай мове, а беларуская мова і яе носьбіты дыскрымінуюцца. Новаабраны старшыня салігорскай арганізацыі ТБМ Уладзімір Масакоўскі спадзяецца, што гэтым разам сітуацыю атрымаецца зварушыць з мёртвай кропкі.