Салігорск: Савету дэпутатаў прапанавалі прыняць пастанову “Аб свабодзе сходаў”

Салігорскі прадстаўнік БХК Леанід Мархотка накіраваў у раённы Савет дэпутатаў зварот аб неадпаведнасці рашэння мясцовага выканкаму “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў” міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь і стандартам правоў чалавека.



svab_shod.jpg

Падрыхтаваны раней аналіз адыёзнага рашэння Салігорскага райвыканкаму ад 07.10.2004г. №700 быў перададзены старшыні Савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч.

Грунтоўны тэкст звароту, акрамя спасылкі на айчыннае заканадаўства і Канстытуцыю, утрымлівае тлумачэнне стандартаў правоў чалавека адносна свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека і абавязальніцтвамі ў межах АБСЕ. Для разумення дэпутатамі сутнасці праблемы аналіз адпаведнасці выканкамаўскага рашэння стандартам правоў чалавека ўтрымлівае шэраг згадак пра яскравыя справы грамадзян Беларусі супраць дзяржавы ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Таксама спадар Мархотка прапанаваў Салігорскаму раённаму Савету дэпутатаў замест абсурднага выканкамаўскага рашэння прыняць пастанову “Аб свабодзе сходаў у горадзе Салігорску і Салігорскім раёне”, праект якой быў далучаны да звароту праваабаронцы.

spring96.org