У Варшаве з'явіўся хостэл для асоб ЛГБТ
У польскай сталіцы працуе хостэл для поўнагадовых геяў і лесбіянак, якія сутыкнуліся з насіллем з-за сваёй арыентацыі.
У Варшаве ўжо месяц працуе першы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе інтэрвенцыйны хостэл для прадстаўнікоў ЛГБТ (ЛГБТ — абрэвіятура для абазначэння супольнасці лесбіянак, геяў, бісексуалаў і транссексуалаў). Хостэл прызначаны для людзей, якія з-за сваёй сексуальнай арыентацыі сталі ахвярамі насілля і вымушаныя былі пакінуць дом.
Сёння ў хостэле жывуць трое чалавек. Яго месцазнаходжанне па прычынах бяспекі засакрэчана.
Чаму асобам ЛГБТ спатрэбілася спецыяльнае месца, дзе яны маглі б адчуваць сябе бяспечна? Тлумачыць Іга Кастшэва з арганізацыі «Лямбда Варшава», якая хостэл і стварыла: «Здаралася, што да людзей, якія з намі звязваюцца, дрэнна ставяцца ў іншых установах, якія павінны аказваць дапамогу ахвярам насілля. Сярод пастаяльцаў ёсць асобы, бацькі якіх выкінулі з дому».
Як адзначае Кастшэва, няпроста было знайсці месца для хостэла: гэта павінен быў быць асобна стаячы дом, гаспадар якога б ведаў, для якой мэты яго арандуюць.
Дырэктар хостэла Магдалена Дзітрых падкрэслівае, што ў яго прымаюць не першых сустрэчных: пастаяльцам можа стаць толькі паўналетні, які прайшоў размову з псіхолагам і які будзе прытрымлівацца правіл пражывання ў хостэле. Галоўнае правіла — нікому не паведамляць адрас дома. Таксама нельга пакідаць хостэл пасля 22-й гадзіны, карыстацца старым нумарам мабільнага тэлефона, курыць і ўжываць алкаголь ды прыводзіць партнёраў.
Знаходжанне ў хостэле бясплатнае. Яно можа доўжыцца тры месяцы, у асаблівых выпадках — да паўгода. Хостэл для асоб ЛГБТ не заменіць дома, але можа стаць месцам, дзе людзі могуць прывесці ў парадак сваю юрыдычную, эмацыйную і жыццёвую сітуацыю, — гаворыць Дзітрых. Пры дапамозе фондаў, якія дапамагаюць ЛГБТ-супольнасьці, пастаяльцы могуць знайсці працу і пачаць самастойнае жыццё.
Першы такога тыпу інтэрвенцыйны хостэл быў створаны ў Лос-Анджэлесе ў 1971 годзе. У Польшчы прадстаўнікі ЛГБТ не могуць ўступаць у шлюб ці заключаць грамадзянскія саюзы. Не ва ўсіх школах уведзены курс асноў сексуальнага выхавання, на якім бы тлумачыліся нюансы, звязаныя з сексуальнай арыентацыяй, затое ва ўсіх дзяржаўных школах выкладаюцца асновы каталіцкай веры.