У Польшчы антыкамуністычныя дзеячы атрымаюць фінансавую дапамогу
Фінансавая дапамога — гэта аднаразовая дапамога плюс штомесячны дадатак у памеры 400 злотых (каля 100 еўра).
Сейм Польшчы прыняў закон, які дазволіць дзеячам антыкамуністычнай апазіцыі, якія знаходзяцца ў цяжкай матэрыяльнай сітуацыі, атрымаць фінансавую дапамогу.
За прыняццем закона прагаласавалі 390 дэпутатаў, 6 народных выбраннікаў устрымаліся ад галасавання, супраць прагаласаваў 31 дэпутат — гэта былі пераважна сацыял-дэмакраты.
Права атрымаць дапамогу будзе мець грамадзянін, які ў 1956–1989 гадах прынамсі 12 месяцаў займаўся апазіцыйнай дзейнасцю ў арганізаваных структурах.
Фінансавая дапамога — гэта аднаразовая дапамога плюс штомесячны дадатак у памеры 400 злотых (каля 100 еўра).
Саюз левых дэмакратычных сілаў зазначае, што яго дэпутаты не падтрымалі закон, бо лічаць яго несправядлівым адносна 1,5 мільёна грамадзян Польшчы, якія трапілі ў беднасць пасля грамадска-палітычных перамен канца 1980-х, пачатку 1990-х гадоў.