За год польскі экспарт у Беларусь вырас у два разы
Нягледзячы на дрэнныя палітычныя стасункі Польшчы і Беларусі, у мінулым годзе польскі бок прадаў тавары вартасцю 1 мільярд 400 мільёнаў злотых (350 мільёнаў еўра). Гэта амаль на 100% больш, чым годам раней.
Экспартаваць у Беларусь сельскагаспадарчых вытворцаў заахвочваў у Любліне дарадчык амбасады Польшчы ў Мінску Веслаў Пакладэк.
Ён казаў, што палітыка і мяжа ў нязначнай ступені ўплываюць на гандлёвыя кантакты.
В. Пакладэк адзначыў: “Гэта мае невялікі ўплыў, у межах 5–10%. Але прадпрымальнікі — вельмі аператыўныя людзі. Амбасада разумее патрэбы, разумее, што без кантактаў няма бізнэсу, таму і дапамагае. Дапамагае беларусам сустракацца з польскімі прадпрымальнікамі. Таму ў пэўным сэнсе праблема вырашана".
Пры дапамозе амбасады ў Мінску ўзнікла Згуртаванне польскага бізнэсу, якое стымулюе кантакты і дапамагае фірмам, якія ўваходзяць на беларускі рынак.