Парадоксы «георгіеўскай стужкі»
На 9 мая горад будзе паўсюль упрыгожаны «георгіеўскімі стужакамі». Нібыта, гэта сімвал памяці пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра гераічную перамогу над фашызмам.
Але шмат хто кажа, што нашэнне такой стужкі — не ўвасабленне ўдзячнасці за подзвіг, а наадварот, здзек з ветэранаў і неправамернае выкарыстанне часткі вайсковай узнагароды. Бо на самай справе «георгіеўская стужка» з’явілася з Імператарскім Ваенным ордэнам Святога Пакутніка і Пабеданосца Георгія — вышэйшай ваеннай узнагародай Расійскай імперыі. Ордэн быў заснаваны імператрыцай Кацярынай II у 1769 годзе для ўзнагароды афіцэраў за заслугі выключна на полі бою.
Адзін раз «георгіеўская стужка» была і самастойнай узнагародай. Гэта адбылося ў 1914 годзе, калі за заслугі ў правядзенні мабілізацыі генерал-лейтэнанту А. Лукомскаму была падаравана «георгіеўская стужка» да ўжо наяўнага ў яго ордэна Святога Уладзіміра 4-й ступені. І тое толькі таму, што сам «Георгій» па статуце немагчыма было даць за мабілізацыю. Такім чынам Лукомскі стаў уладальнікам унікальнай узнагароды — ордэна Св. Уладзіміра на «георгіеўскай стужцы». Узнагароду жартоўна называлі «Уладзімір Георгіевіч».
Саветы, якія прыйшлі на змену царскай Расіі, поўнасцю адмовіліся ад «георгіеўскай стужкі», бо яна працягвала выкарыстоўвацца ва ўзнагародах Белых армій.
У прыватнасці, яна прысутнічала на ганаровай узнагародзе Добраахвотніцкай арміі — знаку «За Ледзяны паход» і ўзнагародзе Усходняга фронту, знаку «За вялікі Сібірскі паход». Стужкі «георгіеўскага колеру» (банты, шаўроны, стужкі на галаўных уборах і сцягі) выкарыстоўваліся ў розных белых фарміраваннях. Напрыклад, атаман Анненкаў даў «права нашэння георгіеўскай стужкі» ветэранам свайго атрада «для адрознення ад зноў паступаючых».
Ва ўзнагароднай сістэме СССР колеры гэтай стужкі паслужылі прататыпам для афармлення калодкі ордэна Славы і медаля «За перамогу над Германіяй». Але такую стужку нельга называць «георгіеўскай» — гэта няправільна як з гістарычнага, так і з геральдычнага пунктаў гледжання. Яе можна называць «гвардзейскай».
Аздабляць «георгіеўскімі» ці «гвардзейскімі» стужкамі машыны, вопратку, аксесуары недарэчна і па маральных, і па юрыдычных прычынах. Калі яшчэ ордэна Славы з «гвардзейскай стужкай» не існавала ў прыродзе (ён з’явіўся толькі ў 1943 годзе), яе актыўна скарыстоўвалі калабаранты, якія ваявалі на баку гітлераўскай Германіі. «Георгіеўская стужка» скарыстоўвалася для ўзнагарод створанага гітлераўцамі Камітэта Вызвалення Народаў Расіі (КОНР) і салдатамі Рускага вызвольнага войска (арміі Уласава). Справа ў тым, што шмат хто з афіцэраў «арміі Уласава» яшчэ з часоў Першай сусветнай былі кавалерамі ордэна Святога Георгія. У тым ліку заўзяты вораг Савецкай улады генерал Пётр Красноў, які стаў начальнікам глаўка казацкіх войскаў ІІІ Рэйху, белы генерал, а затым групенфюрэр СС Андрэй Шкура, групенфюрэр СС Рудольф Бангерскі, маёр Аляксандр Альбаў, начальнік аддзела прапаганды штаба ВПС КОНР, генерал-маёр Антон Туркул, камандзір II корпуса Узброеных Сіл КОНР, і гэтак далей.
Такім чынам, тыя, хто зараз павязваюць «георгіеўскія стужкі» на свае аўто і іншыя прадметы адзення, шануюць памяць калабарантаў, а не пераможцаў фашызму.
Нават тыя, хто кажуць пра «гвардзейскую стужку» як сімвал і частку ордэна Славы, вельмі памыляюцца ў яе выкарыстанні. Атрымаць ордэн Славы можна было толькі за гераічныя дзеянні: у адзіноце захапіць варожы ДЗОТ і знішчыць ягоны гарнізон, ручнымі гранатамі падбіць не менш трох танкаў, з ручной зброі збіць варожы самалёт, знішчыць склад ворага з ваеннай маёмасцю, у падбітым танку працягваць выконваць баявую задачу і гэтак далей. Для тых, хто такія подзвігі не здзейсніў, выкарыстанне «гвардзейскай стужкі», якая з’яўляецца часткай узнагароды, неправамернае, недарэчнае, і нават караецца заканадаўствам.
Уся гэтая «бадзяга» з «георгіеўскімі стужкамі» была прыдумана людзьмі, далёкімі ад гісторыі. Уласна ідэя завязвання стужак дзе заўгодна прыйшла ў галаву супрацоўніцы інфармацыйнага агенцтва «РИА Новости» Наталлі Лосевай, калі яна да 60-годдзя Перамогі (увага!) перавязвала такімі стужкамі падарункі сваім родным-ветэранам.
Ідэю падтрымала аб’яднанне «Студэнцкая абшчына», а потым стужка ператварылася ў сімвал павальнай расійскай патрыятычнай істэрыі.
Зараз мы бачым паўсюдны продаж стужак, ёю аздабляюцца «святочныя наборы» аж да гарэлкі і тытуню, стужка бачная на рэкламах і сайтах.
Падчас акцый Еўрамайдана ва Украіне «георгіеўскую стужачку» актыўна выкарыстоўвалі ўдзельнікі так званага «Антымайдана». Зараз яна стала сімвалам захопнікаў Украіны — яе, як знак адрознення, актыўна скарыстоўваюць сепаратысты і «расійскія турысты» са зброяй у руках. Так гэтыя колеры сталі колерам акупацыі і агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Парадоксы «георгіеўскай стужкі» працягваюцца. Гэтая стужка стала афіцыйным сімвалам грамадскага саюза «Украінскі фронт», створанага 1 лютага 2014 года ў Харкаве па ініцыятыве мэра Генадзя Кернэса. Зараз, як мы ведаем, той жа Генадзь Кернэс быў цяжка паранены стрэлам снайпера. І не выключана, што гэты снайпер носіць на грудзях уведзеную самім жа Кернэсам «георгіеўскую стужку».